У суд паводле «справы «Вясны» выклікалі «хуткую» для Уладзіміра Лабковіча
- 10.01.2023, 17:11
У зале паседжання праваабаронцаў працягваюць трымаць у клетцы і ў кайданках.
У судзе Ленінскага раёна Менска 10 студзеня працягваецца суд паводле «справы «Вясны», фігурантамі якога з'яўляюцца старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў
Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч.4 арт.228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — яны не прызналі віну ні па адным выстаўленым ім артыкуле Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітвязняў утрымліваюцца пад вартай паўтара года. Гэта трэцяе судовае паседжанне.
На пачатку суда Уладзімір Лабковіч заявіў хадайніцтва аб перапынку ў судовым паседжанні ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Суддзя Запаснік выдалілася, каб устанавіць інфармацыю аб стане здароўя праваабаронцы, бо ў судзе палітвязень ніякіх медыцынскіх дакументаў з СІЗА, зразумела, прадставіць не змог. У выніку суддзя, «звязаўшыся з супрацоўнікамі СІЗА», пастанавіла, што Лабковіч у стане ўдзельнічаць у працэсе. Судовае паседжанне працягнулася.
Адзначым, што ў лістах на волю Уладзімір Лабковіч усе паўтара года ўтрымання пад вартай скардзіўся на пагаршэнне здароўя, а менавіта на сталыя галаўныя болі, бессань і зніжэнне зроку.
У зале паседжання праваабаронцаў працягваюць трымаць у клетцы і ў кайданках. Сёння Валянцін Стэфановіч зноў патрабаваў зняць кайданкі. А суддзя зноў не стала разглядаць гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што тут «падмяняюцца паняцці захады бяспекі і захады абароны» і гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі канваіраў.
Толькі незразумела, чым выкліканыя такія «захады бяспекі» ў дачыненні да праваабаронцаў, якія і так утрымліваюцца за кратамі. Алесь Бяляцкі падтрымаў хадайніцтва калегі і звярнуў увагу на тое, што судзяць «вясноўцаў» паводле палітычных матываў. Ён нагадаў, што ў 2011 годзе, калі яго судзілі папярэдні раз, у зале суда ён знаходзіўся без кайданкоў.
Калі з палітвязняў у чарговы раз адмовіліся здымаць кайданкі, Валянцін Стэфановіч заявіў адвод суду, бо ён парушае іх правы. Запаснік, чакана, адхіліла гэтае хадайніцтва.
Алесь Бяляцкі на судзе прапаноўваў памяняцца пісьмовымі прыладамі з пракурорам Аляксандрам Каралём, бо яны знаходзяцца ў няроўных умовах: у пракурора ноўтбук і ручка, а ў праваабаронцаў толькі стрыжань.
Еўрарадыё ўдакладніла, што на судзе стала вядома, што напярэдадні суда ва Уладзіміра Лабковіча была высокая тэмпература. Пасля перапынку на абед палітвязень зноў паскардзіўся, што дрэнна сябе адчувае. Ён запатрабаваў, калі не будзе аб'яўлены перапынак, выклікаць "хуткую", што і было зроблена. Медыкі агледзелі палітвязня і заявілі, што "ён можа ўдзельнічаць у судовым паседжанні".