Захоўваць Пуціну твар ужо ніхто не збіраецца
- 10.01.2023, 16:21
Але ахвотныя «захаваць твар Расеі» яшчэ застаюцца.
Чаму на Захадзе дагэтуль хочуць «захоўваць твар Пуціну» (ці Расеі), чым небяспечны такі падыход і чаму дапамога Украіне, у тым ліку пастаўкі зброі – адзіны варыянт дамагчыся справядлівага міру. Больш падрабязна - у калонцы аглядальніка РБК-Украіна Мілана Леліча.
Спробы краін Захаду ў тым ці іншым выглядзе «захаваць твар Пуціну» складалі значную частку дыпламатычнага працэсу першых месяцаў поўнамаштабнай вайны. Мабыць, больш актыўна гэтым займаўся французскі прэзідэнт Макрон, чые незлічоныя званкі ў Крэмль сталі падставай для дзясяткаў мэмаў. У травеньскім інтэрв'ю італійчскаму Rai 1 прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў, што Макрон прапаноўваў Украіне паступіцца часткай свайго суверэнітэту - акурат для таго, каб «захаваць твар» расейскаму дыктатару.
Нават лідар ключавога хаўрусніка Украіны, амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, і той бедаваў у тыя дні, што ў Расіі «не засталося шляхоў выхаду» з сітуацыі, якая склалася, і з гэтым трэба нешта рабіць.
З часам пра «захаванне твару», асабліва ў публічнай прасторы, сталі казаць нашмат менш. Сваю ролю адыграла тое, Украіна не толькі выдужала, але і пачала перахапляць ініцыятыву ў вайне, вяртаючы кантроль над сваімі тэрыторыямі.
У нядаўнім інтэрв'ю РБК-Украіна кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба распавёў, што Пуціну захоўваць твар ужо ніхто не збіраецца, але ахвотныя «захаваць твар Расіі» яшчэ застаюцца, хай і на маргінэсе.
Тым не менш, сярод заходніх лідараў і асабліва ў экспэртных колах увесь час цыркулююць ідэі аб тым, што канчаткова рваць сувязі з РФ усё ж не варта, як і мэтанакіравана працаваць на распад Расеі - словам, Маскве пакідаюць некаторую прастору для манеўру, з прыцэлам на пасляваеннае пераўладкаванне свету.
Той жа Макрон заяўляе, што Расея таксама павінна «атрымаць гарантыі» сваёй бяспекі. Нямецкі канцлер Олаф Шольц кажа, што «грамадзянам Расеі, якія імкнуцца да іншай будучыні для сябе, таксама патрэбен шанец на тое, што ў іншы час можна будзе зноў пачаць эканамічнае супрацоўніцтва».
Нават экс-камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс, якога прынята адносіць да «ястрабаў» у дачыненні да Расеі, кажа пра тое, што «расейская дзяржава будзе існаваць заўсёды» і «нам трэба будзе супрацоўнічаць з ёй ва ўсіх важных пытаннях».
З размоў са шматлікімі інфармаванымі суразмоўцамі як з Украіны, так і з краін Захаду РБК-Украіна зрабіла выразную выснову: значная колькасць заходніх палітычных і інтэлектуальных эліт дагэтуль кіруецца інерцыяй мыслення і ў прынцыпе не можа ўявіць «свет без Расеі» ці хаця б свет, у якім Расеі адведзеная роля трэцяга плана. Магчыма, таму што Расея, стагоддзя з 18-га, калі яна пачала праяўляць актыўную цікавасць да еўрапейскіх спраў, стала свайго кшталту канстантай быцця ў заходнім разуменні: спачатку як Расейская імперыя, потым як СССР (ва ўжытку нярэдка званы «Савецкай Расеяй»), цяпер - як Расейская федэрацыя.
Такім чынам, да гэтага дзяржаўнага ўтварэння трэба ставіцца калі не з павагай, то хаця б з асцярогай - адсюль і з'яўляюцца гэтыя ідэі пра «гарантыі».
Вядома, адыгрываюць ролю і чыста рацыянальныя моманты. На тэрыторыі РФ у кожным выпадку застануцца вялізныя прыродныя рэсурсы, краіна ўяўляе сабой вялікі і патэнцыйна прывабны рынак (хоць гэты аргумент ужо куды менш актуальны). Многія баяцца таго, што РФ у апошніх канвульсіях можа выкарыстаць ядзерную зброю, а ў выпадку распаду - ператварыцца ў тэрыторыю хаосу, куды больш небяспечную, чым усе Іракі, Афганістаны і Самалі, разам узятыя. Ды і гіпатэтычнага ўзмацнення Кітая, які бачыцца відавочным патронам расейскіх тэрыторый на ўсход ад Урала, у цывілізаваным свеце таксама ніхто не жадае.
На практыцы ўсе гэтыя меркаванні выяўляюцца ў недастатковых (паводле ўкраінскіх мерак, вядома) пастаўках нам зброі, якія часта камуфлююцца пад бюракратычныя затрымкі. Хоць, варта адзначыць, што спісваць усе затрымкі выключна на адсутнасць палітычнай волі таксама некарэктна - многія заходнія краіны сапраўды знясілілі свае запасы ўзбраенняў у пэўных катэгорыях і даваць Украіне зброю тымі тэмпамі, якімі яна яе выдаткоўвае, проста не могуць.
2023 год цалкам можа стаць годам кульмінацыі вайны - калі Узброеныя сілы распачнуць яшчэ шэраг паспяховых контрнаступленняў і падыдуць, а дзесьці, можа, і пяройдуць лініі кантролю, якія склаліся на 23 лютага мінулага года.
Дакладнае бачанне заканчэння вайны на Захадзе відавочна адсутнічае. Пакуль гэтую праблему можна адкладаць, канцэнтруючыся на тактычных задачах: дапамагчы Украіне канкрэтным тыпам узбраенняў, развязаць сітуацыю з Запарожскай АЭС і г.д.
Але чым бліжэй украінскае войска будзе да вяртання поўнага кантролю над усёй тэрыторыяй Украіны, чым больш істэрык гэта будзе выклікаць у Крамлі, тым больш актуальным стане пытанне: як павінна скончыцца вайна і што будзе далей.
Сцэнар, пры якім Украіна акуратна выціскае акупантаў з апошняга квадратнага метра сваёй тэрыторыі ў рамках 1991 года, умацоўвае гэтую мяжу, а расейская ўлада выціраецца і распавядае насельніцтву аб аглушальнай перамозе ў «спецаперацыі» - выглядае відавочна ўтапічным.
Прынамсі, востра стаіць пытанне наконт Крыма, якое цяперашні рэжым у Маскве ўважае за свой галоўны трафей за ўвесь час пасля распаду СССР. Ці пачне Пуцін зноў, як мінулай восенню, размахваць ядзернай дубінай, калі ўкраінскія танкі наблізяцца да Армянску? Цалкам імаверна. Прынамсі, такі варыянт, паводле інфармацыі РБК-Украіна, сур'ёзна разглядаецца заходнімі хаўруснікамі па абодва бакі Атлантыкі. Але пра магчымыя сцэнары рэагавання пакуль невядома - магчыма, іх проста няма.
Тым больш, усе шматхадовыя камбінацыі Захаду могуць разбіцца аб пазіцыю самой Украіны, як за апошнія 10 з паловай месяцаў бывала неаднаразова. Сваімі заявамі аб негатоўнасці ні да якіх тэрытарыяльных кампрамісаў украінская ўлада цалкам відавочна і наўмысна спальвае за сабой масты.
Пакуль перад Захадам ёсць адзін магчымы варыянт - і далей інвеставаць у перамогу Украіны. Той жа генерал Ходжэс у сваіх інтэрв'ю адзначае, што для Украіны цалкам рэальна «па-старамоднаму» перамагчы Расею на полі бою - грубай вайсковай сілай, як у часы Другой сусветнай.
Гэтая думка, відавочна, дагэтуль не ўкладваецца ў галовы многіх прадстаўнікоў еўрапейскага і амерыканскага палітычнага істэблішменту. Зрэшты, калі 10 месяцаў таму формула «адзіны шлях да міру - перамога Украіны» гучала ў асноўным у Кіеве, цяпер пра гэта часта гавораць і на Захадзе. Але вось словы аб «паразе Расеі» (хоць гэта дэ-факта сінонім украінскай перамогі) кажуць параўнальна радзей.
Вялікая памылка, якую Захад за апошнія дзесяцігоддзі не раз дапускаў у стасунках з РФ - думаць, што расейцы здольныя да рацыянальнага дыялогу, да зразумелай паводніцкай мадэлі, пры якой усе бакі спрабуюць прымножыць свой прыбытак. Але win-win стратэгія для Масквы заўсёды была чужой, і нават у гульні з нулявой сумай там гуляюць не заўсёды.
Аптымальны варыянт для Расеі - lose-lose стратэгія: калі можна прычыніць заходнім ворагам нейкую шкоду коштам уласных страт, Масква заўсёды разгледзіць такую опцыю. Найлепшы прыклад - расейскае «самаэмбарга» на пастаўкі газу ў Еўропу, ад якога не выйграў ніхто, затое гэта стала сталай падставай для гонару расейскай прапаганды: маўляў, мы губляем ад гэтага, але паглядзіце, што заходнікам мы яшчэ горш зрабілі (насамрэч наўрад ці, але пра гэта расейская прапаганда ўжо не раскажа). Усякая саступка, усякі кампраміс для Масквы - заўсёды, без выключэнняў з'яўляецца прыкметай слабасці і стымулам патрабаваць яшчэ.
Вядома, і пазіцыя Захаду ў плане «захавання твару Пуціну» за апошнія месяцы крыху змянілася.
«Я неахвотна рэагую на ўсё, што кажа Пуцін. Мне падалося гэта цікавым. Ён быў гатовы бамбіць лякарні, дзіцячыя садкі і цэрквы 25-га снежня і на Новы год. Гэта значыць, я думаю, ён спрабуе знайсці кісларод», - пракаментаваў Байдэн ідэю Пуціна аб «калядным замірэнні». Кантраст з травеньскімі перажываннямі аб тым, што «ў Расеі не застаецца выйсця» ўражвае. Але пакуль і гэтага нядосыць.
Чым часцей «не», сказанае на Захадзе на просьбу паставіць Украіне тую ці іншую зброю, ператворыцца ў «так», тым хутчэй у нашых хаўруснікаў пачне знікаць жаданне турбавацца аб тым, як РФ перажыве паражэнне ў вайне. Новыя пастаўкі амерыканскіх сістэм СПА, як Patriot, а таксама французскіх танкаў і нямецкіх БМП, стануць найлепшым адказам заходніх палітыкаў на крытыку ў іх бок.