BE RU EN

Бітва за Салядар: ПВК «Вагнера» нясе каласальныя страты

  • 10.01.2023, 15:34

Што насамрэч адбываецца на Бахмуцкім плацдарме.

Расейцы ўжо некалькі разоў рапартавалі пра «ўзяцце Салядара», які знаходзіцца пад Бахмутам. Узброеныя сілы Украіны гэтыя заявы зняпраўджваюць.

Што насамрэч адбываецца ў Салядары, сайту Charter97.org распавёў украінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка:

- Там вельмі складаная сітуацыя. На сёння Салядар расейцы бачаць як трамплін для будучай акупацыі Бахмута. Гэта такая паўночная брама, праз якую яны могуць зайсці ў горад, але спачатку ім трэба з вялікімі перашкодамі захапіць Салядар. Для гэтага яны і кінулі вялікую колькасць сіл і сродкаў.

Прынамсі, гаворка ідзе аб прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера» Яўгена Прыгожына, які вымушаны быў частку сваіх падраздзяленняў адвесці ад усходняй і паўднёвай часткі Бахмута і перакінуць пад Салядар. Адзначу, што ПВК складаецца не толькі з зэкаў, але яшчэ і наймітаў, скажам так, з досведам, байцоў іншай якасці. Гэта сведчыць аб тым, што ў «Вагнера» цяпер ёсць пэўны недахоп рэсурсаў.

- Чаму гэта кажа аб недахопе рэсурсаў?

- Звычайна яны не выкарыстоўваюць прафесійных наймітаў у такіх хвалепадобных кідках на якую-небудзь з лакацый. Размова ідзе аб недахопе рэсурсаў. Акрамя таго, калі было праведзенае адвядзенне, частка падраздзяленняў 7-й дэсантна-штурмавой дывізіі расейскіх войскаў была перакінутая для прыкрыцця тылоў менавіта пад Бахмутам. Выходзіць, нейкія пазіцыі яны пакінулі і папрасілі Мінабароны РФ прыкрыць тылы праз недахоп рэсурсаў.

Увесь іх рэсурс цяпер марнуецца менавіта ў Салядары. Яны яго абсалютна не шкадуюць, бо бачаць далягляд акупацыі горада. Менавіта яго яны хочуць паднесці на сподачку з блакітнай аблямоўкай Пуціну ў якасці дэманстрацыі сваёй эфектыўнасці.

Бо больш за паўгода наступу на Бахмут прынесла нулявы вынік. Тым больш, што за гэты час УСУ была вызваленая Харкаўшчына, правабярэжная Херсоншчына і Мікалаеўшчына. Ёсць з чым параўноўваць.

Атрымліваецца, на Салядар яны гатовыя кідаць усё: ПВК «Вагнера», прадстаўнікоў першага і другога армейскага корпуса так званых «ЛНР» і «ДНР», расейскую артылерыю, якая з'яўляецца такой пяхотна-артылерыйскай «навалай». Справіцца з ёй дастаткова праблематычна, асабліва, калі вораг не шкадуе рэсурсу, хоць і нясе каласальныя страты. Ідуць хваля за хваляй. Увогуле, сітуацыя дастаткова складаная.

- Ці ёсць пагроза таго, што расейцы ўсё ж возьмуць гэты горад?

- Пры самым найгоршым развіцці падзей - так, такое магчыма. Тым не менш, трэба ўлічваць адзін момант. Ці зацягнуць Узброеныя сілы Украіны «вагнераўцаў» у гарадскія баі. Бо менавіта ў гарадскіх баях расейскія акупанты ніякія. Марыупаль, Папасная, Севераданецк паказалі, што гарадскі бой - гэта не іх наогул род дзейнасці.

Падкрэслю, калі будуць менавіта зацяжныя гарадскія баі, то расейцы могуць загразнуць у Салядары на працяглы час і імклівай перамогі не будзе. Калі ж будзе прынятая пастанова выходзіць з Салядара, каб максімальна зберагчы асабовы склад, то такіх баёў не будзе.

Хоць, вядома, варыянт з зацяжнымі баямі ў самім горадзе можа адбіцца на патэнцыяле самога ж «Вагнера», рэсурс якога з выгляду не абмежаваны, але насамрэч мы можам канстатаваць, што там сапраўды маецца абмежаванасць.

Зацяжныя баі могуць садзейнічаць змяншэнню рэсурсу, а гэта скончыцца тым, што ў нейкі момант расейцы не змогуць утрымліваць нават тыя пазіцыі, якія занялі.

- Некаторыя экспэрты адзначаюць, што гісторыя з Бахмутам і Салядарам - авантура, якая адбываецца праз асабістыя амбіцыі Прыгожына. Як УСУ могуць скарыстацца такім становішчам рэчаў?

- УСУ ўжо ім карыстаюцца напоўніцу. Бахмуцкі плацдарм цалкам - гэта месца, дзе расейскія акупанты ўжо больш за паўгода марнуюць каласальны рэсурс: чалавечы, тэхнічны, артылерыйскі, а таксама была выкарыстаная вялікая колькасць набояў, боепрыпасаў. Гэта сапраўды каласальны рэсурс, які можна было б выкарыстоўваць на зусім іншым накірунку.

Напрыклад, на правабярэжнай Херсоншчыне сканцэнтраваць пяць тысяч чалавек, перамалотых у мясарубцы пад Бахмутам, для наступлення на Мікалаеў, Крывы Рог. У Запарожскай вобласці маглі сканцэнтраваць 10 тысяч і накіраваць у кірунку таго ж Запарожжа.

Рэсурс, які ўсе гэтыя паўгода «шаткаваўся» УСУ пад Бахмутам, мог бы быць выкарыстаны дзесьці яшчэ. Аднак не быў, дзякуючы гэтаму паспяхова ажыццяўляліся контрнаступальныя дзеянні УСУ.

Можна сказаць, што Бахмуцкі плацдарм - гэта своеасаблівая «чорная дзірка», якая зацягвае расейскія рэсурсы і не выпускае. Такая «данбаская Чарнабаеўка».

Апошнія навіны