Лукашысты будуць судзіць адваката, які адкрыта выступаў супраць вайны ва Украіне
- 10.01.2023, 12:49
З траўня мінулага года ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
На гэты момант у Беларусі налічваецца шэсць палітзняволеных адвакатаў, якія сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных спраў, не менш як 70 адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзій, блізу 250 самі прынялі пастанову пайсці з адвакатуры пасля падзей 2020 года.
Раней сайт Charter97.org паведамляў аб затрыманні адваката Аляксандра Данілевіча, які адкрыта выступіў супраць вайны ва Украіне.
Сёння стала вядома, за што будуць судзіць Аляксандра. Пра гэта расказалі ў Следчым камітэце. Як і ў выпадку з заснавальнікам крамы Symbal.by Паўлам Белавусам, месцамі фармулёўкі вельмі нагадваюць сталінскія.
Як адзначаюць у СК, падчас расследаванняў «выяўлена, што, нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, адвакат надумаў надаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Ён актыўна спрыяў працэсам фармавання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Каб дэстабілізаваць эканамічнае становішча, абвінавачаны займаўся дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі».
У якасці аднаго з прыкладаў «экстрэмісцкай» дзейнасці ведамства падае падрыхтоўку Аляксандрам Данілевічам «лістоў і дакументаў на адрас нарвэжскай кампаніі «Yara».
«Yara» - былы контрагент «Беларуськалія», які набываў калійныя ўгнаенні, нягледзячы на заклікі беларускага дэмакратычнага грамадства прыпыніць супрацоўніцтва з прадпрыемствам.