BE RU EN

Стала вядома, колькі грошай у Беларусі выдадуць на дзяржаўную прапаганду

І як іх падзеляць.

Нядаўна сайт Charter97.org пісаў, што ўрад Беларусі пастанавіў аддаць тэлеканалам ОНТ і СТВ больш за мільён рублёў, які павінен быў пайсці на абслугоўванне замежнай дзяржаўнай запазычанасці.

Спецыялісты праекту «Нашы грошы» прааналізавалі бюджэты дзяржаўнага ТБ і праўладных тэлеграм-каналаў.

У 2020 годзе на дзяржаўныя медыя выдаткавалі 164,2 млн рублёў, у 2021-м - 146,5 (бюджэт з улікам карэктавання), летась разлічвалі асвоіць 151 млн.

Сёлета на прапаганду з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдаткаваць 162,4 млн. З гэтай сумы 133,6 млн пойдуць на тэлевізію і радыё, 9,1 млн - на друкаваныя СМІ і 19,7 млн - на іншыя (напрыклад, праўладныя тэлеграмы-каналы і ангажаваныя YouTube-блогеры).

Чэмпіён у прыросце фінансавання - "Сталічная тэлевізія". У 2023-м на яе даюць 3,84 млн рублёў - на 366% больш, чым летась.

Немалы прырост і ў "Другога нацыянальнага тэлеканала", на які ў гэтым годзе плануецца выдаткаваць 4 660 000 рублёў, што на 44% больш, чым у 2022-м.

Тэлерадыёкампанія "Мір" часткова фінансуецца з бюджэту СНД. З рэспубліканскага бюджэту Беларусі на дзейнасць гэтага канала выдзяляецца 9,61 млн рублёў, што на 13,3% больш, чым летась.

Самы тлусты кавалак бюджэтнага пірага адкусіць Белтэлерадыёкампанія, якой сёлета плануецца даць 120,5 мільёна рублёў.

Такім чынам, адзін дзень вяшчання гэтай арганізацыі каштуе падаткаплацельшчыкам 330 тысяч рублёў. У параўнанні з мінулым годам прырост фінансавання зусім невялікі - 5%.

Варта адзначыць, што немалую частку бюджэту дзяржаўных тэлеканалаў да вайны займалі плацяжы за трансляцыю значных міжнародных шоў і спартыўных спаборніцтваў, такіх, як чэмпіянат свету ў футболе ці "Еўравізія". Цяпер гэтыя сродкі будуць вольныя.

Рэгіянальныя дзяржаўныя медыі большую частку фінансавання атрымліваюць з мясцовых бюджэтаў.

Апошнія навіны