У Менску з'явяцца два новыя кварталы
- 10.01.2023, 10:39
Ужо сёлета.
У 2023 годзе ў Менску пачнуць будаваць два новыя кварталы - «Сонечны» і «Паўночны». Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «На будоўлях Менска» распавёў гендырэктар ААТ «МАПІД» Мікалай Мілашэўскі.
- Сёння ёсць шэраг пляцовак, над якімі працуем. Рэалізаваны праект квартальнай забудовы «Сонечны». Будуем тут жыллё за свае сродкі, не прыцягваючы сродкаў грамадзян. Уклалі вялікія грошы, у тым ліку, у інжынерную інфраструктуру квартала, пабудавалі дарогі, лініі электраперадачы і г.д. На жаль, не такімі тэмпамі працуем, як планавалі і хацелася б, - заявіў Мілашэўскі.
Паводле ягоных слоў, у наступным годзе плануецца забяспечыць увод у эксплуатацыю першага жылога дома ў гэтай забудове.
На Даўгінаўскім тракце МАПІД пачаў будаўніцтва раёна малапавярховай забудовы «Паўночны».
- УКС Цэнтральнага раёна выступае заказчыкам у інжынерна-транспартнай інфраструктуры, МАПІД - па будаўніцтве жылых дамоў. Там будуць зблакаваныя жылыя дамы - каля 22 тыс. м2 жылля. Да лета 2023-га першую чаргу будаўніцтва ў аб'ёме 3,9 тыс. м2 плануем закончыць, - сказаў гендырэктар МАПІД.
Таксама Мілашэўскі расказаў, што летам прадпрыемства ўзвядзе два шматкватэрныя малапавярховыя дамы на вуліцы Курганнай і пачне будаўніцтва забудовы тэрыторыі ў межах вуліц Янкоўскага і Гарэцкага.