BE RU EN

Люк Скайуокер дапаможа сабраць «Армію дронаў» для Украіны

  • 30.09.2022, 18:14

Актор пагадзіўся заняцца збіраннем сродкаў для праекту.

Актор Марк Хэміл, найбольш вядомы праз ролю Люка Скайуокера ў кінасазе «Зорныя войны», стане амбасадорам United24 – фандрайзінгавай платформы, створанай пасля пачатку вайны прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта паведамляе газета Washington Post.

Хэміл пагадзіўся заняцца збіраннем сродкаў для арганізаванага на платформе праекта «Армія дронаў», у рамках якога Украіна прымае ахвяраванні на закупку беспілотнікаў або самі апараты, каб выкарыстоўваць іх для барацьбы з расейскімі войскамі, адсочвання сітуацыі на лініі фронту і збору выведзвестак.

Зяленскі сказаў падчас тэлефоннай размовы з Хэмілам:

Як і ў «Зорных войнах», дабро пераможа зло, а святло пераможа цемру.

На United24 збіраюцца сродкі на тры віды мерапрыемстваў: абарона і размінаванне; гуманітарная і медыцынская дапамога; аднаўленне Украіны. Пералічыць грошы можна проста з выкарыстаннем банкаўскай карты. Паводле звестак платформы, ужо сабрана амаль $188 млн.

«Армія дронаў» – дадатковы праект, арганізаваны Генштабам Украіны, Міністэрствам лічбавай трансфармацыі і іншымі ўстановамі. «"Армія дронаў" дазволіць нам увесь час маніторыць 2470 км лініі фронту і эфектыўна адказваць на атакі ворага», – гаворыцца на сайце праекта.

Апошнія навіны