На памежным пераходзе «Варшаўскі мост» стаіць шматкіламетровая чарга на выезд з Беларусі
- 30.09.2022, 16:34
Берасцейцы зазначаюць, што такія чэргі на мяжы бачаць упершыню.
Чарга на выезд з Беларусі ў Польшчу на памежным пераходзе «Варшаўскі мост» з 28 верасня вырасла на некалькі кіламетраў. Хвост чаргі пачынаўся каля падвеснага мосту, які знаходзіцца насупраць уваходу ў Берасцейскую цытадэль, перадае «Белсат».
У Telegram-каналах людзі пішуць, што толькі каб даехаць да мяжы трэба 10-12 гадзін. Некаторыя ж правялі ў чаканні і 19 гадзін. Прычына такіх чэргаў у тым, што змяніліся правілы пропуску. У сувязі з гэтым польскія і беларускія памежнікі і мытнікі сталі працаваць больш павольна.
Згодна з Дзяржаўным памежным камітэтам, 30 верасня на 14 гадзін чарга легкавікоў на выезд з Беларусі складае блізу 190 аўтамабіляў. У сваю чаргу жыхары Берасця мяркуюць, што напраўду чарга значна большая, чым афіцыйна агучваецца. Некаторыя кажуць, што такую чаргу бачаць увогуле ўпершыню.
Абстаноўка ў чарзе даволі нервовая, людзі злуюцца, узнікаюць сваркі.