Украінскія войскі ўвайшлі ў Ямпаль каля Лімана
- 30.09.2022, 11:43
Ліманскі гарнізон РФ акружылі з паўднёвага ўсходу.
Узброеныя сілы Украіны ўвайшлі ў пасёлак гарадскога тыпу Ямпаль Данецкай вобласці. Ён знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад горада Лімана, акупацыйны гарнізон якога, мяркуючы паводле ацэнак як незалежных вайсковых экспэртаў, так і прызнанняў расейскіх прапагандыстаў, трапіў у аператыўнае атачэнне, піша nv.ua.
Раніцай у пятніцу, 30 верасня, у Сетцы з'явілася відэа, на якім украінскі вайсковец каля адміністрацыйнага будынка кажа: «Ну што, коцікі, Ямпаль наш».
Афіцыйнага пацвярджэння ад вайсковага кіраўніцтва Украіны пакуль не было.
У той жа час амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй справаздачы паведамляў, што УСУ, магчыма, амаль скончылі атачэнне Лімана і перарэзалі крытычна важныя наземныя камунікацыі, якія падтрымліваюць войскі РФ у раёне Дробышава - Ліман.
«Вельмі малаімаверна, што ўсякая перакідка ў Ліман дадатковых новамабілізаваных сіл дазволіць існай расейскай групоўцы здабыць значныя абарончыя магчымасці і прадухіліць закрыццё ўкраінскімі войскамі Ліманскага катла», – адзначылі экспэрты ISW.
Ямпаль знаходзіцца ў крыху больш чым 17 кіламетрах ад Лімана.