Беларусы сталі масава атрымліваць позвы ў вайсковыя камісарыяты
- 29.09.2022, 16:32
На многіх прадпрыемствах у мужчын збіраюць асабовыя звесткі.
Жыхары Бабруйска сталі масава атрымліваць позвы ў вайсковыя камісарыяты. «Белсату» стала вядома, што позвы пачалі дасылаць мужчынам і ў Менску.
У паперах, якія атрымліваюць у Бабруйску, загадана прыйсці ў вайсковы камісарыят для «ўручэння мабілізацыйнага прадпісання». На многіх прадпрыемствах у мужчын правяраюць прапіску і фактычнае месца жыхарства, нумары мабільных і хатніх тэлефонаў.
Вайсковы камісар Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін паспяшаўся супакоіць грамадзян. У эфіры канала «Беларусь 4» ён заявіў, што гэта ні ў якім разе не мабілізацыя.
«Гаворкі аб якой-небудзь мабілізацыі - частковай або поўнай - не ідзе. Гэта руцінная штодзённая, штогадовая праца службовых асоб вайсковых камісарыятаў. На сёння ў рэспубліцы няма патрэбы праводзіць мабілізацыйныя мерапрыемствы», - запэўніў Гарошкін.
Праз мабілізацыю ў Расеі экспэрты пачалі разважаць, ці магчымы заклік у Беларусі. Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка абвясціў: «Не будзе ніякай мабілізацыі. Гэта хлусня».