BE RU EN

Галоўнага рэдактара незалежнага выдання «Бобруйский курьер» зноў асудзілі

  • 28.09.2022, 18:57

Анатоля Санаценку арыштавалі на 14 сутак.

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 27 верасня адбыўся другі суд над галоўным рэдактарам незалежнага інтэрнэт-выдання «Бабруйскі кур'ер» Анатолем Санаценкам. На гэты раз яму прызначылі 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анатоль Санаценка мусіў выйсці на волю 27 верасня, аднак яго зноў арыштавалі. Справу, як і першы раз, разглядала суддзя Ганна Асіпенка. Журналісту не дазволілі карыстацца паслугамі адваката.

Таксама БАЖу стала вядома, што ў затрыманага зрабілі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Ёсць інфармацыя пра ператрусы і допыты і ў журналістаў «БК».

Пра затрыманне галоўнага рэдактара «Бабруйскага кур'ера» і арышт яго на 15 сутак стала вядома 16 верасня. Паводле непацверджанай інфармацыі, меркавалася, што затрымалі Санаценку 15 верасня. Калі ж зыходзіць з новых звестак, што журналіст павінен быў выйсці на волю 27 верасня, атрымліваецца, што хутчэй за ўсё за кратамі Анатоль Санаценка знаходзіцца з 12 верасня. Інфармацыі, за што галоўнага рэдактара бабруйскага выдання двойчы судзілі, па-ранейшаму няма.

19 верасня сайт «Бабруйскага кур'ера» (babruysk.by) перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за мяжой. Не дапамагае нават VPN. Прычыны блакавання сайта невядомыя.

Незалежная рэгіянальная газета «Бабруйскі кур'ер» пачала выходзіць у 1991 годзе. У 2010 годзе праз рэпрэсіі рэдакцыя была вымушаная спыніць выхад папяровага версіі выдання, але прадоўжыла працу ў інтэрнэце. Журналістаў «БК» мноства разоў затрымлівалі і судзілі за прафесійную дзейнасць.

У пачатку верасня 2022 года пастановай Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны сайт яшчэ адной недзяржаўнай бабруйскай газеты – «Вячэрні Бабруйск». Прычыны блакавання таксама да гэтага часу невядомыя.

Паводле звестак БАЖ, на 28 верасня ў Беларусі ў зняволенні знаходзіцца 31 працаўнік медыя.

Апошнія навіны