BE RU EN

Беларускія сілавікі сабралі бязмала 800 бежанцаў на мяжы з Польшчай

  • 27.09.2022, 15:52

У асноўным гэта сірыйцы.

Беларускія сілавікі сабралі блізу 800 бежанцаў і мігрантаў ля мяжы з Польшчай. Там ёсць жанчыны і дзеці, паведамляе польская штодзённая газета Gazeta Wyborcza.

Уцекачы распавялі выданню, што вандруюць там ужо 10 дзён без вады і ежы.

Газета атрымала відэазапіс, зроблены на мяжы, у якім малады сірыец просіць польскіх актывістаў перадаць ім на беларускі бок крыху вады і харчавання. У роліку ён прапануе зрабіць гэта праз агароджу, без неабходнасці пераходзіць мяжу.

Сірыец пацвярджае, што ў розных групах мігрантаў, якія сабраліся паміж польскай мяжой і беларускім калючым дротам, ёсць жанчыны і дзеці з усіх канфліктных рэгіёнаў: еменцы, іранцы, туркі (напэўна, курды), але пераважна сірыйцы.

Усе гэтыя людзі, паводле выдання, скарысталіся беларускай візай і прапановай з абяцанай магчымасцю беспраблемнага перасячэння мяжы Еўразвяза.

Беларускія сілавікі не пускаюць іх у Менск, пагражаючы пабіць. Уначы тэмпература апускаецца ніжэй за 10 градусаў.

Апошнія навіны