BE RU EN

Разбурэнні на «Паўночным струмені» названыя беспрэцэдэнтнымі

  • 27.09.2022, 15:49

Нямецкае выданне Der Tagesspiegel паведаміла, што прычынай маглі быць дыверсіі.

Тэрміны аднаўлення газатранспартнай інфраструктуры газаправода «Паўночны струмень» пакуль нельга ацаніць, паведаміла кампанія-аператарка Nord Stream AG, піша РБК.

«Разбурэнні, якія адбыліся ў адзін дзень адначасова на трох нітках марскіх газаправодаў сістэмы “Паўночны струмень”, носяць беспрэцэдэнтны характар. Тэрміны аднаўлення працаздольнасці газатранспартнай інфраструктуры пакуль ацаніць немагчыма», – гаворыцца ў паведамленні.

Напярэдадні стала вядома пра рэзкае падзенне ціску ў абедзвюх нітках «Паўночнага струменю» і адной нітцы нядзейнага «Паўночнага струменю – 2». Дацкія ўлады паведамілі пра выцечку газу ў раёне вострава Борнхальм. Прадстаўнік аператара трубаправода Nord Stream 2 AG Ульрых Лісек удакладніў, што ціск упаў са 105 да 7 бараў праз дзірку ў трубе.

Газаправод «Паўночны струмень – 2» складаецца з дзвюх нітак трубаў даўжынёй блізу 1200 км, якія праходзяць праз выключныя эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды пяці краінаў: Нямеччыны, Даніі, Расеі, Фінляндыі і Швэцыі. Сукупная магутнасць дзвюх нітак «Паўночнага струменю – 2» – 55 млрд куб. м газу за год.

Трубаправод, нягледзячы на санкцыі ЗША, дабудавалі ў верасні летась, а ў кастрычніку па нітцы Б пусцілі тэхнічны газ. Да канца мінулага года абедзве трубы былі запоўненыя. Паколькі пасля прызнання Масквой незалежнасці ДНР і ЛНР у лютым улады Нямеччыны прыпынілі сертыфікацыю газаправода, ягоныя магутнасці пастанавілі выкарыстоўваць для газазабеспячэння рэгіёнаў паўночнага захаду Расеі.

«Паўночны струмень» функцыянаваў з 2011 года, ягоная магутнасць таксама складае 55 млрд куб. м газу за год. Ён быў адным з апошніх маршрутаў пастаўкі газу ў Еўропу ў абыход Украіны. Прапампоўка па «Паўночным струмені – 1» з лета гэтага года скарацілася да 20% ад максімальнай прапускной здольнасці, да 35 млн кубаметраў. «Газпрам» растлумачыў гэта праблемамі з газавымі турбінамі, тэхабслугоўваннем якіх займаецца Siemens. У канцы жніўня праз праблемы з турбінамі пастаўка газу спынілася поўнасцю.

Марское кіраванне Даніі папярэджвала, што выцечкі, якія ўтварыліся, небяспечныя для суднаходства і забараніла праходжанне караблёў у радыусе 5 км.

Выданне Der Tagesspiegel са спасылкай на крыніцы, звязаныя з расследаваннем інцыдэнтаў, паведаміла, што прычынай здарэння маглі быць дыверсіі. «Мы не можам уявіць сабе сцэнар, які не з'яўляецца мэтанакіраванай дыверсіяй», – прыводзіць выданне слова аднаго з удзельнікаў расследавання, якое праводзяць федэральныя ўлады. «Усё гаворыць супраць супадзення», – дадаў ён.

Апошнія навіны