BE RU EN

Вікторыя Азаранка перадала гуманітарную дапамогу украінскім дзецям

  • 19.09.2022, 19:06

Пра гэта паведаміў украінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі.

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка перадала свае рэчы ўкраінскім дзецям, якія займаюцца тэнісам. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню btu.org.ua расказаў украінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі. Ён адзначыў, што гэта адбылося яшчэ на «Ралан Гарос» у канцы траўня - пачатку чэрвеня.

Стахоўскі ўдакладніў, што Азаранка была адзіным чалавекам, хто падышоў да яго, размаўляў з ім і суперажываў.

«Яна практычна пачала там плакаць праз тое, што гэта ўсё адбываецца і яна не ведае, што ёй рабіць і як ёй рэагаваць. Яна спытала, што можа зрабіць, і я ёй адказаў, што яна можа данаціць грошы, перадаваць рэчы, усё што можаш рабіць, тое і рабі», - сказаў украінскі спартовец.

У выніку Вікторыя перадала ва Украіну торбу асабістых рэчаў вядомага брэнда. Стахоўскі чакаў прыдатнага моманту - напрыклад, майстар-класаў, але яны, з зразумелых прычын, доўгі час не праводзіліся ва Украіне.

«Нарэшце рэчы даехалі да Дняпра і Запарожжа - сёння я іх раздаў. Галоўнае, што дзецям гэта вялікі кайф, бо гэта рэчы непасрэдна яе, гэта значыць яны нясуць вялікую тэнісную каштоўнасць для дзяцей. Таму я ўпэўнены, што гэта ўзніме ім настрой», - сказаў Стахоўскі.

У апошнія месяцы Вікторыя Азаранка мела нямала праблем праз сваё грамадзянства. У жніўні яе не дапусцілі да ўдзелу ў дабрачынным матчы ў ЗША у падтрымку Украіны, а на адкрытым чэмпіянаце ЗША ўкраінка Марта Касцюк, з якой Азаранка раней гуляла ў пары, не паціснула ёй руку.

36-гадовы Сяргей Стахоўскі пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне ўступіў у шэрагі тэрытарыяльнай абароны.

Апошнія навіны