BE RU EN

Лукашэнка адкажа за наступствы санкцыяў на МТЗ

  • Арцём Чэрнікаў
  • 17.09.2022, 11:32

Рэжым давёў прадпрыемства «да ручкі».

Прадпрыемствы Беларусі на мяжы краху. Санкцыйны ціск і масавыя звальненні супрацоўнікаў усіх сфераў дабіваюць эканоміку рэжыму. Поўны крах у кіраванні прадпрыемствамі, а таксама эфект санкцый відавочныя на прыкладзе Менскага трактарнага завода (МТЗ), які з вялікай верагоднасцю можа стаць банкрутам ужо да канца гэтага года.

Няздольнасць супраціўляцца санкцыям адбілася на цэхах, якія выпускаюць энэрганасычаныя трактары. Сутнасць у тым, што менавіта гэтая сельгастэхніка была арыентаваная на экспарт і набывала самыя лепшыя запчасткі да яе. Як правіла, яны былі нямецкай і амерыканскай вытворчасці. Але праз рэпрэсіі і дыктатарскі рэжым Захад адмовіўся супрацоўнічаць з беларускім прадпрыемствам і наклаў маштабныя санкцыі на рэжым Лукашэнкі. Так, МТЗ застаўся без гідраўлікі ад нямецкай кампаніі Bosch і рухавікоў ад кампаній Caterpillar (ЗША) і Deutz (Нямеччына).

Супрацоўнікі завода пацвярджаюць, што энэрганасычаныя трактары МТЗ-3022 і МТЗ-3522 не камплектуюцца беларускімі рухавікамі, таму што не існуе працаздольнага, непатрабавальнага і простага ў эксплуатацыі, абслугоўванні і рамонце беларускага рухавіка.

Размовы пра пераход энэрганасычаных трактароў на айчынныя запчасткі ходзяць з 2004 года. Але, як звычайна, далей за хвальбу і пустаслоўе справа не рухаецца. Ні адна спроба зрабіць што-небудзь цалкам сваё не мела поспеху.

Адна з такіх спробаў была ў 2016 годзе. У якасці эксперыменту была праведзеная ўстаноўка мадыфікацыі беларускага рухавіка маркі Д-262 замест нямецкага Deutz у самую хадавую, энэрганасычаную мадэль МТЗ-3022, аднак трактар адпрацаваў вясну і восень на пасяўной, а потым Д-262 зламаўся. Рамонт абышоўся б як набыццё новага рухавіка. Давялося стары «дойцаўскі» аднавіць і зноў пусціць у ход. Таксама рабочыя трактарысты пацвердзілі, што не выціскае ён заяўленых магутнасцяў. У выніку моўчкі і без агалоскі вярнуліся да праверанага Deutz.

І калі б рэч была толькі ў канкурэнтных трактарах, якім патрэбныя замежныя запчасткі. Нават старая мадэль, якая пераважае на беларускіх палях – трактары МТЗ-80 – да гэтага часу выпускаецца на рухавіку яшчэ савецкага праектавання.

Сучасныя энэрганасычаныя трактары МТЗ-3022 таксама выкарыстоўваюцца і ў беларускай гаспадарцы, таму важкае значэнне мае наяўнасць дэталяў да іх. Лукашысты яшчэ ў 2016 годзе ў страху трапіць пад санкцыі падзяліліся на два лагеры: адны крычалі, што трэба неадкладна заняцца распрацоўкай уласна рухавіка да гэтых трактароў, іншыя заяўлялі – гэта не наша ніша.

Можа здарыцца так, што Беларусь, маючы магутнага вытворцу трактароў і 15000 працоўных, можа проста пачаць набываць альбо трактары ў Расеі, альбо рухавікі да трактароў паводле кошту новых трактароў. Або зусім зачыніць прадпрыемствы праз нерэнтабельнасць і перайсці цалкам на імпарт, што ва ўмовах маштабных санкцый становіцца немагчымым.

Гэта яшчэ адзін факт, які паказвае, што лукашысты не ў стане кіраваць краінай, у якой ёсць усе шанцы ўсталявацца на сусветным рынку, быць часткай еўрапейскай эканамічнай сістэмы і экспартаваць прадукцыю, зарабляючы мільярды даляраў для сваіх грамадзянаў. Акрамя асабістых амбіцый і паталагічнага імкнення да ўлады, у іх няма ні патрэбных ведаў, ні досведу. За 28 гадоў узурпацыі ўлады Лукашэнка загубіў вытворчасць, утапіў у пазыках прадпрыемствы і, адпаведна, працоўных. Менавіта праз яго годныя інжынеры, якія маглі распрацаваць для некалі вялікіх прадпрыемстваў дэталі, вымушаныя пакідаць краіну. У нашай краіне вялікая колькасць канкурэнтаздольных вытворчасцяў. І, самае галоўнае – працоўных, якія гатовыя працаваць на карысць краіны, каб атрымліваць годны заробак, мець у крамах адэкватныя кошты. Пры Лукашэнку праца ўсіх прадпрыемстваў ідзе толькі на набіванне ягоных уласных кішэняў. Збавенне Беларусі ад дыктатара – гэта шанец на нашу вялікую незалежную будучыню.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Апошнія навіны