BE RU EN

Мустафа Джэмілеў: Расейцам лепш ужо пакідаць Крым

  • 22.08.2022, 19:32

Крыкі, што яны «ўжо даўно жывуць на паўвостраве», не дапамогуць.

Лідар крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў больш за 15 гадоў правёў у савецкіх турмах і лагерах за тое, што змагаўся за права свайго народа вярнуцца на радзіму. У 1989 годзе яго мара спраўдзілася, але пасля таго, як Расея абвясціла паўвостраў сваёй тэрыторыяй, лідару крымскіх татараў забаранілі ўезд у Крым. Сёння Украіна заяўляе, што вяртанне акупаванага паўвострава – адна з мэтаў у вайне супраць Расеі.

Якой будзе будучыня крымскіх татараў? Што будзе з Крымскім мостам? Ці разваліцца Расея? Пра гэта Мустафа Джэмілеў расказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org.

– З нядаўняга часу на расейскіх вайсковых аб'ектах у часова акупаваным Крыме раз-пораз што-небудзь выбухае. Курортны сезон для расейцаў скончыўся?

– Увогуле, і да выбухаў турыстаў было не густа, ну а пасля выбухаў увогуле, можна сказаць, што курортны сезон амаль сарваны. І гэта пры тым, што ў многія краіны расейскіх турыстаў ужо проста да сябе не пускаюць. Цяпер на фоне выбухаў на ваенных базах назіраюцца шматкіламетровыя заторы аўтамабіляў з турыстамі і не толькі, якія накіроўваюцца ў Расею.

– Ці падтрымліваеце пункт гледжання, што Керчанскі мост павінен быць разбураны, як толькі ва Узброеных сілаў Украіны з'явіцца такая магчымасць?

– Гэты мост, як вядома, незаконны, паколькі быў пабудаваны на зямлі і акваторыі Украіны іншай дзяржавай без дазволу на тое Украіны. Па-другое, па гэтым мосце ўвесь час ідзе плынь узбраення, якім абстрэльваюць нашы гарады і вёскі, забіваюць нашых людзей. Таму законнасць і справядлівасць ліквідацыі гэтага моста не выклікае ніякіх сумневаў. Але ёсць і іншае меркаванне. Напрыклад, нашыя суайчыннікі з Крыма задаюцца пытаннем «А што ж будзе з расейцамі, якіх прывезлі пасля акупацыі Крыма? Бо іх больш за мільён чалавек, як яны будуць уцякаць?» Але канчатковую пастанову датычна гэтага моста, відаць, будзе прымаць з улікам усіх абставінаў наша ваеннае камандаванне. А расейскія заявы, што Крымскі мост непрыступны, што там магутная супрацьпаветраная абарона і да т.п., мяркую, не забяспечаць ягоную цэласнасць.

На вайне ўсякае ж бывае. У флагмана расейскага Чарнаморскага флоту, самага магутнага іхняга крэйсера «Масква», таксама былі магутныя супрацьпаветраныя сродкі. Але вось, як тлумачыць расейская прапаганда, матросы палілі ў неналежным месцы і флагман пайшоў на дно. У вайсковых базаў у Навафёдараўцы, Джанкоі, Гвардзейскім, Бельбеку ў Крыме ўжо сапраўды былі магутныя супрацьпаветраныя сродкі, але ўсе яны раптам на днях зладна сталі «дэтанаваць» і знішчаць размешчаныя там ваенныя самалёты, ракетныя ўстаноўкі і да т.п.

– Як атрымалася, што ў першыя тры дні поўнамаштабнай вайны акупанты змаглі прасунуцца на 200 кіламетраў на паўднёвым кірунку?

– Гэта адно з самых частых пытанняў ва Украіне. Шмат размоваў пра здраду, пра ўкаранёную ў ваенныя структуры Украіны расейскую агентуру. Пакуль арыштаваны паводле абвінавачанні ў здрадзе радзіме кіраўнік СБУ Херсонскай вобласці. Больш дакладную карціну таго, што там адбылося, відаць, даведаемся толькі пасля заканчэння вайны.

– Крымскія татары церпяць рэпрэсіі цягам стагоддзяў, незалежна ад палітычнага ладу Расеі: хоць бы гэта быў царызм, развіты сацыялізм або фашызм. У чым прычына такой нянавісці расейцаў да карэннага народа Крыма?

– Расея яшчэ з першых дзён акупацыі Крыма ў 1783 годзе стала чыніць захады для выцяснення карэннага народа са сваёй радзімы і засялення Крыма этнічнымі расейцамі. Асноўная прычына гэтага была сфармуляваная графам Пацёмкіным у лісце да Кацярыны: «Зямля тут шчасная, трэба выгнаць басурманаў і засяліць Крым прыроднымі расейцамі».

Але прычына была не толькі ў шчаснасці крымскай зямлі, а ў тым, што ў Расеі заўсёды былі планы далейшай экспансіі, захопу Басфорскага і Дарданэлскага праліваў, Стамбула і г.д. , а таму было жаданне пазбавіцца ад мусульманскага і цюркскага насельніцтва ў прыфрантавой зоне. І асноўным метадам выцяснення карэннага народа было адабранне земляў і, адпаведна, пазбаўленне людзей сродкаў існавання, масавыя рэпрэсіі пад рознымі нагодамі.

Асабліва вялікая эміграцыя крымскіх татараў была пасля Крымскай вайны 1853–1855 гадоў, калі сваю паразу ў гэтай вайне Расея стала шукаць у нелаяльнасці карэннага насельніцтва Крыма. Маўляў, крымскія татары былі не дастаткова лаяльныя да расейскіх акупантаў.

Далейшыя экспансіянісцкія планы былі таксама адной з прычынаў татальнай дэпартацыі і генацыду крымскіх татараў і ў 1944 годзе савецкім рэжымам, які быў нават больш шавіністычным, чым царскі рэжым. Тады ж былі дэпартаваныя яшчэ больш за дзясятак малалікіх народаў Паўночнага Каўказа і Крыма, у тым ліку – чачэнцы, інгушы, балкарцы, карачаеўцы, калмыкі і іншыя – праз бюракратычную памылку друку.

У спісе народаў, якія пацярпелі аж дэпартацыі з Паўночнага Каўказа, павінны былі быць кумыкі – адзін з цюркскіх мусульманскіх народаў Каўказа, але памылкова надрукавалі «калмыкі». А ўжо пасля іх дэпартацыі пачалі прыдумляць довады і аргументы для апраўдання гэтага злачынства.

Крымскіх татараў, дарэчы, збіраліся дэпартаваць і нацысты падчас Другой сусветнай вайны. Замест іх яны збіраліся засяліць Крым немцамі са спрэчнай з Італіяй тэрыторыі Паўднёвага Ціроля, а сам Крым пераназваць у Готланд на той падставе, што калісьці ў старажытнасці ў Крыме жылі і германскія плямёны готаў.

Памятаю, у другой палове 90-х гадоў падчас нашай паездкі ў Паўднёвы Ціроль адзін з кіраўнікоў нямецкай супольнасці гаварыў: «Добра што ў Гітлера гэта не атрымалася, інакш мы цяпер гэтак сама, як і крымскія татары, змагаліся б за вяртанне на сваю радзіму».

– Вы прайшлі праз савецкія лагеры і, на жаль, сёння многія крымскія татары паўтараюць ваш шлях. Які ГУЛАГ страшнейшы: савецкі ці пуцінскі?

– У савецкіх лагерах у розны час было па-рознаму. Адна справа сталінскія знішчальныя лагеры, дзе тысячамі паміралі ад голаду, непасільнай працы ці проста расстрэльваліся, і крыху інакш было ў, так бы мовіць, адносна «вегетарыянскія» гады кіравання КПСС, гэта значыць у паслясталінскія часы. Сітуацыя ў цяперашніх пуцінскіх турмах у плане захавання элементарных правоў чалавека, мяркуючы з аповедаў «сядзельцаў», калі і не зусім, то шмат у чым параўнальныя пераважна са сталінскімі турмамі. Ды і тэрміны даюць іншадумцам прыкладна як у сталінскія часы.

Калі пры саветах дзейныя супраць іншадумства артыкул 190-1 КК РСФСР («складанне і распаўсюджванне дакументаў, якія ганьбяць дзяржаўны лад і яго палітычную сістэму») прадугледжваў пазбаўленне волі да 3 гадоў і артыкул 70 КК РСФСР («антысавецкая агітацыя і прапаганда з намерам падрыву савецкага ладу») да 7 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў высылкі, то цяпер у Крыме за непажаданыя размовы або захоўванне літаратуры, якая ў Расеі ўважаецца за забароненую, людзям даюць 17–20 гадоў. Прычым вельмі часта гэтую «забароненую літаратуру» падкідваюць самі супрацоўнікі ФСБ пры ператрусах у кватэрах людзей, якіх пастанавілі арыштаваць. Вымудраныя катаванні, якія сёння практыкуюцца ў дачыненні да арыштаваных, таксама ў асноўным параўнальныя з практыкай сталінскіх часоў.

– Зазіраючы ў будучыню, як вам здаецца, ці захаваецца Расея як адзіная дзяржава?

– Расейская імперыя, як вядома, была дзяржавай, утворанай у выніку крывавых заваёваў земляў многіх народаў. Расейская Федэрацыя ў яе цяперашніх межах – гэта дзяржава, утвораная ў выніку крывавых заваёваў земляў многіх народаў. Таму імкненне гэтых народаў пазбавіцца акупацыі цалкам натуральнае і можа быць здзяйсняльным.

– Як у вызваленым Крыме варта абысціся з расейцамі, якія прыехалі на паўвостраў пасля ягонай акупацыі?

– Усе прыбылыя ў Крым пасля ягонай акупацыі ў 2014 годзе грамадзяне Расеі разглядаюцца ўкраінскім заканадаўствам як асобы, што незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны, і, адпаведна, павінны быць змушаныя да адказнасці.

Таму самае лепшае для гэтых людзей было б своечасова, яшчэ да прыходу Украіны, самім пакінуць Крым. Крыкі, што яны ўжо жывуць у Крыме даўно, тут у іх нарадзіліся дзеці і што ўвогуле яны «ў душы» былі супраць Пуціна, мяркую, не дапамогуць.

– Якой вам бачыцца будучыня крымска-татарскага народа?

– Калі Крым застанецца ў складзе Расеі, што вельмі малаверагодна, то будучыні ў гэтага народа ніякай не будзе. Вельмі многія пакінуць паўвостраў, каб дыхаць паветрам свабоды, а астатніх чакае татальная русіфікацыя і пад уздзеяннем магутнай расейскай прапаганды ператварэнне, на тэрмін Чынгіза Айтматава, у нейкіх манкуртаў. Але пасля вызвалення адчыняюцца даволі нядрэнныя далягляды.

Ужо прыняты закон Украіны пра карэнных народаў, паводле якога крымскія татары і вельмі малалікія караімы і крымчакі прызнаюцца карэннымі. На базе гэтага закона рыхтуецца да разгляду Закон аб статусе крымска-татарскага народа ў Украіне, а потым, мабыць, будзе ўнесенае змяненне ў Канстытуцыю Украіны, згодна з якім аморфная і ў сутнасці расейская Аўтаномная Рэспубліка Крым будзе перафарматаваная ў крымска-татарскую нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію ў складзе Украіны. Гэта, вядома, стварае гарантыі для захавання і развіцця карэннага этнасу Крыма.

Апошнія навіны