BE RU EN

Дачка расейскага сэнатара выступіла супраць вайны

  • 19.08.2022, 18:43

Пасля гэтага чалец Рады Федэрацыі адцураўся ад дачкі.

Дыяна Ісакава, 25-гадовая дачка чальца Савета Федэрацыі Эдуарда Ісакава ад першага шлюбу, выказалася ў сацсетках супраць вайны ва Украіне і пакінула Расею. Яна расказала, што выходзіла на апазіцыйныя мітынгі і спрабавала сама ладзіць антываенныя акцыі, адна з якіх скончылася допытам у ФСБ, паведамляе BBC.

"Можна сказаць, што я не выбірала гэтую ўладу, але я патурала ёй сваім маўчаннем, бяздзейнасцю і страхам за сваё жыццё, хоць ведала аб яе жорсткасці і амаральнасці", – заявіла дачка сэнатара ў сацсетках.

17 красавіка, распавядае Ісакава, яе затрымалі, калі яна распаўсюджвала антываенныя ўлёткі. Пасля яе шэсць гадзін дапытвалі ў паліцыі. Калі паліцыянты зразумелі, што затрымалі дачку сэнатара, паспрабавалі ёю маніпуляваць. У выніку Дыяна Ісакава падпісала пратакол, не ўчытваючыся ў яго.

На наступны дзень яе выклікалі на допыт ФСБ і ўвечары інфармацыя пра яе акцыю дайшла да бацькі.

«Я даведалася, што ён не проста даведаўся, а яму патэлефанавалі неверагодную колькасць чыноўнікаў, і ў выніку [старшыня Савета Федэрацыі Валянціна] Мацвіенка яму расказвала пра гэта», - распавяла Дыяна Ісакава.

Бацька дзяўчыны Эдуард Ісакаў - сэнатар ад Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Ён знаходзіцца ў санкцыйных спісах Вялікабрытаніі, Еўрапейскага звязу і Канады. Аб вайне ва Украіне ён выказваецца як аб «барацьбе з нацыстамі», а расейцаў, якія выступаюць супраць уварвання, прапаноўваў адпраўляць на прымусовыя працы ў Данбас.

«Яны не штрафы павінныя плаціць, а сваімі ўласнымі рукамі, якімі яны пішуць гнюсныя допісы ў сацсетках, нешта зрабіць для сваёй краіны. Хай ідуць вуліцы ад смецця прыбіраць, платы фарбуюць. Замест 10-15 дзён арышту трэба на гэты час адправіць іх у «ДНР» і «ЛНР» дапамагаць аднаўляць гарады і малыя населеныя пункты», - заявіў ён.

Пасля допыту дачкі ў ФСБ сэнатар запатрабаваў, каб яна з'ехала з дому. Дыяна Ісакава апошнія пяць гадоў жыла ў Сочы ў доме, які належыць яму. «Усё, што я чакала, ён мне і сказаў, што я вораг сям'і, вораг народа, злачынец. А што я яму не дачка, ён сказаў пазней», - распавяла Ісакава. Улетку яна надумала з'ехаць з Расеі і выказаць антываенную пазіцыю максімальна публічна.

Апошнія навіны