BE RU EN

Эрдаган распавёў, што абмяркоўваў з Зяленскім у Львове

  • 19.08.2022, 14:23

Прэзідэнт Турцыі пацвердзіў прапанову арганізаваць сустрэчу з Пуціным.

Прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган заявіў, што падчас перамоваў у Львове прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму арганізаваць у Турцыі яго сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.

Пра гэта прэзідэнт Турцыі распавёў журналістам, калі вярнуўся з Украіны, паведамляе агенцтва «Анадолу».

- Я яшчэ раз падзяліўся са спадаром Зяленскім тым, што наша салідарнасць і падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны будуць прадаўжацца. Я таксама заявіў што мы будзем прадаўжаць садзейнічаць развязанню вайны шляхам дыпламатыі і перамоваў. Гэтак жа, як я сказаў і спадару Пуціну падчас майго візіту ў Сочы, я нагадаў спадару Зяленскаму, што мы можам правесці іх сустрэчу, - распавёў Эрдаган.

Прэзідэнт таксама заявіў аб гатоўнасці Турцыі ўзяць удзел у працэсе аднаўлення Украіны.

Закранаючы сітуацыю вакол Запарожскай АЭС, ён заклікаў Міжнароднае агенцтва ў атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ) ужыць неабходныя захады для гарантавання бяспекі на Запарожскай АЭС. Прэзідэнт Турцыі таксама дадаў, што хацеў бы абмеркаваць сітуацыю на станцыі з Пуціным.

Нагадаем, напярэдадні прэзідэнт Турцыі наведаў Львоў, дзе правёў сустрэчу з кіраўніком Украіны Уладзімірам Зяленскім, затым да палітыкаў далучыўся генеральны сакратар ААН Гутэрыш.

На двухбаковай сустрэчы абмяркоўваўся комплекс украінска-турэцкіх дачыненняў і сітуацыя вакол Запарожскай АЭС. Таксама на парадку дня стаяла пытанне экспарту ўкраінскага збожжа. А яшчэ прэзідэнты закранулі пытанні абароннага ўзаемадзеяння і абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Гэта быў першы візіт Эрдагана ва Украіну з пачатку вайны.

Апошнія навіны