Сустрэча Зяленскага з Эрдаганам і Гутэрышам: з'явіліся першыя падрабязнасці
- 18.08.2022, 15:38
Апошнім на трохбаковыя перагаворы прыбыў прэзідэнт Турцыі.
Сёння, 18 жніўня, у Львове праходзяць трохбаковыя перамовы прэзідэнтаў Украіны і Турцыі Уладзіміра Зяленскага і Раджэпа Таіпа Эрдагана, а таксама генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша.
Пра гэта паведамляе «РБК-Україна» са спасылкай на A Haber.
У Адміністрацыі турэцкага прэзідэнта заявілі, што падчас перамоваў Зяленскага, Эрдагана і Гутэрыша будуць абмяркоўвацца крокі, якія можна зрабіць для спынення вайны ва Украіне дыпламатычным шляхам, а таксама шляхі ўзмацнення дзейнасці створанага механізму экспарту ўкраінскага збожжа на сусветныя рынкі.
Акрамя таго, прэзідэнты Украіны і Турцыі правядуць двухбаковую сустрэчу, падчас якой «абмяркуюць усе аспекты дачыненняў» Украіны і Турцыі.
Зяленскі, Эрдаган і Гутэрыш прыбылі ў Львоў
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прыбыў у Львоў яшчэ 17 жніўня. Ён паспеў наведаць Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Івана Франка.
У сваю чаргу ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прыбыў у Львоў раніцай чацвярга. Перад сустрэчай з Эрдаганам і Гутэрышам ён наведаў украінскіх абаронцаў у вайсковым шпіталі.
Апошнім на трохбаковыя перамовы прыбыў прэзідэнт Турцыі, які вылецеў з Анкары на прыватным самалёце а 9 раніцы чацвярга. Ён даляцеў да Польшчы, дзе правёў невялікую сустрэчу з губернатарам польскага рэгіёну Радаславам Віятрам і паслом Турцыі ў Варшаве Чэнгізам Камілам Фыратам. Пасля гэтага турэцкі лідар накіраваўся ў Львоў.
Дзе будзе праходзіць сустрэча
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыме Эрдагана і Гутэрыша ў палацы Патоцкіх у цэнтры Львова.
Чакаецца, што пасля трохбаковай сустрэчы Эрдаган, Зяленскі і Гутэрыш правядуць супольную прэс-канферэнцыю.
Эрдаган можа прапанаваць перамовы з Пуціным
Турэцкія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што падчас перамоваў прэзідэнт Турцыі можа прапанаваць Уладзіміру Зяленскаму правесці сустрэчу з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Пры гэтым Эрдаган нібыта будзе намагаць на часовым спыненні агню, каб правесці мірныя перамовы.