BE RU EN

Ва Украіне асудзілі беларускага шпіёна

  • 18.08.2022, 12:59

Ён перадаў інфармацыю пра перамяшчэнне ўкраінскіх вайскоўцаў у КДБ.

Беларус, якога затрымалі 18 сакавіка ў Валынскай вобласці паводле падазрэння ў шпіянажы, асуджаны на пяць месяцаў арышту без канфіскацыі маёмасці. Яго прызналі вінаватым у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Артыкул абвінавачання мужчыне змянілі падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе. Акрамя таго, ён пайшоў на ўгоду са следствам, дзякуючы чаму атрымаў больш мяккае пакаранне.

У пастанове суда ўдакладняецца, што беларус у першы дзень расейскага ўварвання перадаў супрацоўнікам КДБ Беларусі інфармацыю пра перамяшчэнне калоны ваеннай тэхнікі батальённа-тактычнай групы Узброеных сілаў Украіны ў горадзе Шацк, Валынскай вобласці.

Гэтую інфармацыю мог выкарыстоўваць вораг, каб перашкодзіць дзейнасці УСУ і іншых сілаў абароны, а таксама нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны.

Прозвішча супрацоўніка КДБ, якому перадаў інфармацыю абвінавачаны, вядомае следству, але ў пастанове суда яно не выдаецца.

Суд таксама адзначыў, што беларус згадзіўся на супрацоўніцтва са спецслужбамі, бо меў сярод іх знаёмых, якія падтрымліваюць «ідэі ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расеі аб палітычнай, ідэалагічнай нецярпімасці і нянавісці да ўкраінскай нацыі і дзяржаўнасці».

Апошнія навіны