BE RU EN

Лонданская фірма падорыць украінцам тысячы тэлефонаў на сонечных батарэях

  • 17.08.2022, 21:14

Тэлефоны перададуць украінцам, якія пазбаўленыя электрычнасці.

Тэхналагічны гігант DADEX падорыць 20 000 мабільных тэлефонаў на сонечных батарэях украінцам, якія пазбаўленыя электрычнасці.

Крэсімір Мостарчыч, брэнд-мэнэджэр DADEX, на прэсавай канферэнцыі ў «Укрінфарм» заявіў:

«Увесь свет ужо некалькі месяцаў назірае за пакутамі ўкраінскага народа. Украіна дае цвёрды адпор, тым не менш увесь свет устурбаваны сучаснасцю і будучыняй Украіны», - сказаў Мастарчыч.

Праглядаючы відэа і фота з сацыяльных сетак і тэлевізара, бачачы, як пакутуюць людзі, ягоныя калегі пачалі збіраць фінансавыя ахвяраванні для ўкраінцаў.

Затым умяшаўся іхні працадаўца DADEX. Тэхналагічная марка перадала Украіне неабходнае абсталяванне: спецыяльныя бездарожнікі, якія дазволяць дабрацца да цяжкадаступнай мясцовасці, асабліва ў наступны зімовы перыяд, і мабільныя тэлефоны на сонечных батарэях, якія з'яўляюцца прадуктам DADEX, і яшчэ нават не былі прадстаўленыя на рынку.

«Украіне будзе перададзена блізу 20 000 тэлефонаў на сонечных батарэях вартасцю блізу 5 мільёнаў еўраў! Тэлефоны на сонечных батарэях можна выкарыстоўваць для сувязі ў месцах, дзе няма электрычнасці, бо яны сілкуюцца ад сонца. Ім трэба зусім няшмат часу, каб увамкнуцца і выкарыстоўваць спадарожнікі для сувязі”, – сказаў Мастарчыч пра сонечныя спадарожнікавыя тэлефоны DADEX. І дадаў, што яны ўжо збіраюцца і будуць дастаўленыя ва Украіну на пачатку верасня.

Дзяніс Тот, мэнэджэр Усходняй Еўропы ў DADEX прызнаўся, што кампанія наведала Украіну і пасля гутарак з жыхарамі пацярпелых мясцін кампанія таксама ахвяруе ўкраінцам 10 000 тэрмакоўдраў, якія сапраўды не будуць лішнімі ў халодную пару года.

Амбасадаркай кампаніі, якая адказвае за сацыяльна-адказныя праекты, з'яўляецца вядомая спявачка Марыя Бурмака. Яна таксама была на прэсавай канферэнцыі, дзе падтрымлівала праект DADEX ва Украіне.

Апошнія навіны