BE RU EN

Ва Украіне «Іголкай» знішчаны найлепшы расейскі ас на гелікоптары з групы «Беркут»

  • 17.08.2022, 12:32

Названае імя байца, які зрабіў удалы стрэл.

Узброеныя сілы Украіны ліквідавалі расейскага аса на гелікоптары Васіля Клешчанку. Адбылося гэта яшчэ вясной, але толькі цяпер стала вядома, што зрабіў удалы стрэл з ПЗРК «Іголка» салдат 93-й АМБр Артур Іллюк.

Як паведамляецца на Facebook-старонцы 93-й АМБр, збілі расейскі гелікоптар Ка-52 «Алігатар» у красавіку. Ён упаў перад пазіцыямі брыгады ў раёне вёскі Гусараўка Балаклейскага раёна Харкаўскай вобласці.

Байцы не змаглі паўнавартасна вывучыць месца падзення. Тады атрымалася толькі агледзець абломкі ўначы і здзейсніць некалькі аблётаў з дапамогай дрона.

«І вось нарэшце ў чэрвені група выведнікаў ГУР МА і журналіст Юры Бутусаў змаглі патрапіць на месца падзення гелікоптара. І высветліць, што вайсковец нашай брыгады салдат Іллюк Артур Рыгоравіч, які зрабіў удалы стрэл з ПЗРК “Іголка”, ліквідаваў найлепшага лётчыка на гелікоптары ПКС РФ палкоўніка Васіля Клешчанку», – гаворыцца ў паведамленні.

Ліквідаваны акупант Васіль Клешчанка ў 2021 годзе браў удзел у парадзе да 9 траўня. Расейскі палкоўнік ляцеў за штурвалам баявога гелікоптара Ка-52 Алігатар.

Клешчанка быў намеснікам кіраўніка 344-га цэнтра баявога выкарыстання і перавучвання лётнага складу армейскай авіяцыі.

Клешчанку пахавалі на мемарыяльных могілках у горадзе Таржок.

Даведка. ПЗРК «Іголка» – савецкі і расейскі пераносны зенітны ракетны комплекс, прызначаны для паразы паветраных цэляў, якія нізка ляцяць, ва ўмовах цеплавых перашкодаў. Комплекс прыняты на ўзбраенне ў 1981 годзе. «Іголка» знаходзіцца на ўзбраенні армій Расеі, краінаў СНД, а таксама з 1994 года экспартуецца больш як у 30 дзяржаваў.

Апошнія навіны