BE RU EN

У Беларусі праз расейцаў падскочыў выпуск банкаўскіх картак

  • 16.08.2022, 16:42

Грамадзяне РФ абыходзяць санкцыі праз нашу краіну.

У Беларусі рост колькасці банкаўскіх картак за красавік-чэрвень стаўся рэкордным з 2018 года, хоць яшчэ год таму гэты паказчык падаў. Тая ж тэндэнцыя адзначаецца і ў большасці іншых краін СНД, а экспэрты звязваюць яе з ростам «картачнага турызму» сярод расейскіх грамадзян.

Як паведамляе РБК, у многіх дзяржавах СНД у II квартале назіраўся адчувальны рост колькасці банкаўскіх карт. Паводле інфармацыі выдання, у Беларусі іх агульная колькасць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 11,52% і дасягнула 17 млн - такога скачка не назіралася сама меней чатыры гады. Для параўнання, у II квартале 2021 года гэты паказчык знізіўся на 1,03%, а за красавік-чэрвень 2020 года тэмпы росту былі значна ніжэйшыя - усяго 0,91%.

Рэкордныя за апошнія некалькі гадоў звесткі ў прыросце колькасці банкаўскіх картак таксама фіксуюцца ў Кыргызстане (39,72%) і Узбекістане (26,2%), а ў Арменіі (16,2%) і Таджыкістане (28,15% толькі за красавік-- травень) рост перавышае леташнія паказчыкі.

На думку кіраўніка накіравання даследаванняў цэнтра «Сколкава-РЭШ» Ягора Крывашэя, акрамя іншых унутраных прычын, фактарам, які паўплываў на павелічэнне ў столькіх дзяржавах выпуску банкаўскіх карт, можа быць цікавасць да іх з боку расейскіх грамадзян - асабліва гэта датычыцца Беларусі, Узбекістана, Казахстана і некаторых іншых краінах.

Экспэрты кажуць аб уздыме так званага «картачнага турызму» сярод расейцаў пасля сыходу з краіны аплатных сістэм Visa і Mastercard, асабліва праз тое, што многія банкі суседніх з Расеяй дзяржаў некалькі месяцаў таму займаліся актыўным прасоўваннем сэрвісаў па адкрыцці рахункаў для нерэзідэнтаў.

Пры гэтым цяпер такая тэндэнцыя ідзе на спад, бо ў многіх краінах для замежнікаў з'явіліся дадатковыя перашкоды пры афармленні банкаўскіх карт: у Казахстане трэба загадзя атрымліваць індывідуальны ідэнтыфікацыйны нумар, а ў Арменіі і Грузіі - чакаць даўжэй, чым раней. Адзначаецца, што такія перашкоды маглі з'явіцца праз высокую санкцыйную рызыку для крэдытных арганізацый гэтых краін.

Апошнія навіны