BE RU EN

Ладуцька пазбавіцца пасады дырэктара мотавелазавода праз кітайскі матацыкл

  • 15.08.2022, 19:41

Мікалаю Ладуцьку будуць шукаць пенсійную пасаду з «хамутом на шыі».

Лукашэнка падчас візіту 15 жніўня на ТАА «МотаВелаЗавод» раскрытыкаваў праваленыя даручэнні для лакалізацыі вытворчасці і сказаў намесніку старшыні Менскага гарвыканкама Надзеі Лазарэвіч знайсці замену цяперашняму дырэктару прадпрыемства Мікалаю Ладуцьку.

Мінулы раз Лукашэнка наведваў мотавелазавод у сакавіку 2021 года. Ужо тады ён казаў аб важнасці павелічэння лакалізацыі і стварэнні ўласнай вытворчасці дэталяў. У час візіту 15 жніўня ён канстатаваў, што ніякіх істотных змяненняў у плане імпартазамяшчэння не адбылося.

- Вось, што я быў год таму, тое і засталося, - заявіў Лукашэнка. - Сюды трэба шукаць маладога хуткага дырэктара, а яму (Мікалаю Ладуцьку - Заўв. рэд) знайсці пенсійную пасаду, але таксама хамут на шыю.

Чыноўнікі з пула Лукашэнкі паспрабавалі апраўдаць нізкія тэмпы лакалізацыі тым, што прадпрыемства праводзіць мадэрнізацыю, чакае абсталяванне.

- Прычына ў тым, што павольна варушыцеся. Павольна, а ён (Ладуцька — Заўв. рэд) ужо бегчы не можа і не хоча. Ну навошта яму. Значыць, занясеш кандыдатуру асабіста, - даручыў Лукашэнку Надзеі Лазаравіч знайсці замену цяперашняму кіраўніку ТАА «МотаВелаЗавод».

Раней Ладуцька прадэманстраваў Лукашэнку «беларускі матацыкл» вытворчасці мотавелазаводу.

- Што тут сваё?, - спытаў Лукашэнка.

- Сваё? Дызайн-праект, дызайн-ідэя, кампаноўка, збор усіх дэталяў ад розных вытворцаў.

- Значыць нічога свайго, - перабіў Лукашэнка.

- Але мы робім дробнавузлавую зборку. Гэта таксама праца.

- Фара чые?

- Кітайская.

- Шчыткі?

- Таксама.

- Рухавік?

- Рухавік кітайскі.

- Лакалізацыі тут няма, - рэзюмаваў Лукашэнка. - Заўтра санкцыі ўвядуць, закрыецца вытворчасць. Як будзеш вырабляць?

- Калі зачыніцца вытворчасць, то мы пачнём рабіць шчыткі…

- Я ведаю, як вы пачалі... А прэс-форму дзе возьмеш? А 30 тысяч дзе на прэс-форму возьмеш? А колькі часу, каб зрабіць?

- Аляксандр Рыгоравіч, калі зачыніцца, памяняецца кан'юнктура. Тамака, дзе становіцца выгодна рабіць, мы робім. Мы азначылі план лакалізацыі.

- Я хілю цябе да таго, што мне твае гэтыя зборкі - як і па краіне ў цэлым - вось тут сядзяць. Мы павінны рабіць сваё, - сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Апошнія навіны