BE RU EN

Зміцер Бандарэнка: Мы з'яўляемся часткай сусветнай дэмакратычнай кааліцыі і мы непазбежна пераможам

  • 14.08.2022, 22:46

Да чаго сёння рыхтавацца беларусам.

Да чаго сёння рыхтавацца беларусам, якія хочуць вызвалення сваёй краіны ад дыктатуры?

На гэтае пытанне сайту Charter97.org адказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

— Беларусы крыху спазняюцца. На жаль, толькі ў 20-м годзе народныя масы далучыліся да барацьбы за лепшае жыццё. Але не было разумення, не было досведу, як дзейнічаць, асабліва, калі многія беларускія лідары апынуліся ў турме. З новай гарачай фазай расейскай агрэсіі ва Украіне сітуацыя памянялася. І я, як чалавек, які шмат гадоў выступаў за негвалтоўнае супраціўленне, сёння кажу, што змена ўлады ў Беларусі можа адбыцца толькі вайсковым шляхам і ў выніку сумесных дзеянняў беларусаў і нашых хаўруснікаў ва Украіне, а таксама краінах NATO.

Мы мелі магчымасць на працягу многіх гадоў негвалтоўным шляхам змяніць уладу. Як гэта, напрыклад, зрабілі дэмакраты ў Славакіі, у Сербіі, ва Украіне падчас «Аранжавай рэвалюцыі», у Грузіі, у Кыргызстане, Арменіі і іншых краінах, у Малдове той жа самай. Беларусы ўпусцілі гэты момант. Сёння ж мы - частка глабальных працэсаў, частка рэгіянальных працэсаў. І занадта ўжо Пуцін і Лукашэнку закусілі цуглі. Цяпер змена ўлады можа адбыцца толькі вайскова-палітычным шляхам. Я разумею, як цяжка пра гэта нават думаць.

Але з іншага боку, ведаю з размоваў з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, што тысячы беларусаў звяртаюцца да іх, хочуць патрапіць любым шляхам ва Украіну і чакаюць, калі пачнецца вызваленне нашай краіны. І беларускія мужчыны знутры падтрымаюць гэты вызваленчы паход. А больш актыўная частка, мы ведаем, ужо займаецца партызанскімі акцыямі, якія вельмі падобныя да таго, што адбываецца ў Крыме, на акупаваных тэрыторыях Херсоншчыны, Харкаўшчыны, Запарожжа, дзе людзі вядуць не толькі інфармацыйную працу супраць захопнікаў, але і здзяйсняюць больш актыўныя дзеянні.

Мы не адны, мы частка залатога мільярда цывілізаванага свету, які хоча жыць па-сучаснаму, хоча жыць па-чалавечы, калі пафасна казаць - у адпаведнасці з прынцыпамі гуманізму. Мы разам з краінамі, якія змагаюцца супраць дыктатарскіх, фашысцкіх рэжымаў, такіх як рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. І паколькі мы з'яўляемся часткай сусветнай дэмакратычнай кааліцыі, мы непазбежна пераможам.

Апошнія навіны