BE RU EN

Кіраўнік брытанскай ваеннай выведкі назваў крытычныя праблемы арміі РФ

  • 13.08.2022, 10:23

Агучаны прагноз на найбліжэйшыя месяцы вайны.

Генерал-лейтэнант Джым Хакенхал, кіраўнік ваеннай выведкі Вялікай Брытаніі, мяркуе, што вайна ва Украіне ўступіла ў зацяжную фазу, аднак канстатуе істотную камбінацыю праблемаў для расейскай арміі.

У рэдкім інтэрв'ю, якое Хакенхал даў ВВС, ён расказаў, што быў здзіўлены тым, з якой колькасцю праблемаў адначасова давялося сутыкнуцца арміі РФ пасля яе ўварвання ва Украіну.

Сярод іх кіраўнік брытанскай ваеннай выведкі адзначыў:

нізкаякаснае камандаванне, кіраванне і лагістычнае забеспячэнне расейскіх Узброеных сілаў, што шмат у чым абумовіла паразы арміі РФ ва Украіне;

негатыўны ўплыў палітычнага ўмяшання ў дзеянні расейскага войска – як на стратэгічным, так і на тактычным узроўнях;

адсутнасць даверу паміж палітычным і ваенным класам Расеі;

сіла супраціву Украіны і адзінства Захаду – абодва чыннікі перасягнулі ўсе чаканні.

У адказ на просьбу пракаментаваць далейшае развіццё падзей ва Украіне генерал-лейтэнант Джым Хакенхал заклікаў «з асцярожнасцю ставіцца да бінарнага ходу мыслення – што адзін з бакоў пераможа або пацерпіць паразу, – або меркаваць, што сітуацыя патавая».

Ён нагадаў, што РФ спрабуе ўсімі спосабамі задзейнічаць дадатковыя сілы пасля значных стратаў. Хакенхал таксама канстатаваў, што ўкраінская армія здолела значна націснуць на акупантаў у Херсонскай вобласці, чаму частку войскаў Расея вымушаная перадыслакаваць з Данбаса на поўдзень.

Аднак, мяркуе кіраўнік брытанскай ваеннай выведкі, у найбліжэйшыя месяцы наўрад ці варта чакаць вызначальнага пералому. Хакенхал адзначыў, што з разуменнем ставіцца да жадання Украіны вярнуць свае тэрыторыі, аднак не верыць, што які-небудзь з бакоў здолее правесці вызначальныя дзеянні да канца года – хоць контратак і контрнаступаў варта чакаць.

Таму, мяркуе брытанскі генерал-лейтэнант, рыхтавацца неабходна да доўгага канфлікту.

Каментуючы рызыкі выкарыстання Расеяй ядзернай зброі, Джым Хакенхал адзначыў, што мяркуе такі паварот падзей «малаверагодным» у найбліжэйшы час, але дадаў, што брытанская выведка сочыць за гэтым «вельмі, вельмі ўважліва». На думку генерал-лейтэнанта, верагоднасць выкарыстання ядзернай зброі «можа змяніцца, калі зменіцца дынаміка на полі бою».

Апошнія навіны