Танк Т-72, радыёлакатар 92Н6Е і боепрыпасы: Якую тэхніку знішчыў выбух на аэрадроме ў Беларусі
- 12.08.2022, 7:41
Паступае таксама інфармацыя, што ў выніку выбухаў у Зябраўцы ёсць пацярпелыя.
У Беларусі на аэрадроме ў Зябраўцы, магчыма, быў знішчаны танк Т-72, РПН 92Н6Е і боепрыпасы, паведамляе УНІАН.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» атрымала звесткі, што ў выніку ўчарашніх выбухаў на аэрадроме «Зябраўка», магчыма, быў знішчаны шэраг тэхнікі, якая дыслакавалася на ваенным аэрадроме і побач з ім.
«Згодна з пакуль не пацверджанымі звесткамі, ноччу адбылося загаранне танка Т-72 і здэтанаваў боекамплект, знішчыўшы блізу 10 боепрыпасаў. Пацвярджэннем гэтай інфармацыі з'яўляецца факт, што сёння днём у раёне 11:00 у напрамку Зябраўкі быў заўважаны рух МАЗа УС РБ з надпісам “размінаванне”», – гаворыцца ў паведамленні групы.
Акрамя гэтага, анлайн-часопіс Defence Blog са спасылкай на сваю крыніцу ў выведцы паведаміў, што ноччу ў Зябраўцы выбухнуў расейскі радыёлакатар падсвету і навядзення (РПН) 92Н6Е.
«У сваю чаргу гэта азначае, што калі інфармацыя дакладная, то прынамсі частка з дывізіёна зенітна-ракетных комплексаў С-400 “Трыюмф”, якія знаходзяцца на аэрадроме, цяпер з'яўляецца недзеяздольнай, таму што РПН з'яўляецца часткай комплексу ЗРК. Бо менавіта РПН выяўляе цэль і бярэ яе на суправаджэнне, гэта значыць дазваляе зразумець, куды ўвогуле страляць ракетай. Акрамя таго, паступае і непацверджаная інфармацыя, што ў выніку выбухаў у Зябраўцы ёсць пацярпелыя», – гаворыцца ў паведамленні.