Выбухі на аэрадроме ў Беларусі: Сталі вядомыя новыя падрабязнасці
- 11.08.2022, 19:06
Знішчаная расейская тэхніка.
У выніку выбухаў на вайсковым аэрадроме «Зябраўка» ў Беларусі была пашкоджаная тэхніка. Сярод іншага, расейскі радыёлакатар падсветкі і навядзення для ЗРК.
Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Паводле папярэдніх звестак, у выніку падзей ноччу быў знішчаны танк Т-72 і боекамплект – блізу 10 снарадаў. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца тое, што сёння паблізу аэрадрома «Зябраўка» заўважылі МАЗ беларускіх вайскоўцаў з надпісам «размінаванне».
Таксама маніторынгавая група адзначае, што, верагодна, ноччу на аэрадроме таксама быў знішчаны расейскі радыёлакатар падсветкі і навядзення 92Н6Е. Ён дапамагае зенітна-ракетным комплексам выяўляць цэлі і знішчаць іх.
«Калі інфармацыя дакладная, то як мінімум частка з дывізіёна зенітна-ракетных комплексаў С-400 "Трыумф", якія знаходзяцца на аэрадроме, цяпер з'яўляюцца недзеяздольнай», – гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, паводле неправеранай інфармацыі, таксама ёсць пацярпелыя ў выніку выбухаў.