Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ДНЖ у Еўропе ў 2021 годзе
- 11.08.2022, 12:16
Гэты паказчык вырас больш як удвая ў параўнанні з 2020 годам.
Еўрастат прывёў статыстыку аб замежных грамадзянах, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў дзяржавах ЕЗ летась.
Па выніку беларусы ў колькасці выдадзеных дакументаў занялі трэці радок - больш за 149 тысяч чалавек атрымалі дакументы.
На першым месцы другі год запар былі грамадзяне Украіны (875 тысяч), на другім - Марока (150 тысяч). Грамадзяне Індыі на чацвёртым месцы - 110 тысяч.
Рэкордны рост
Характэрна, што колькасць беларусаў, якія атрымалі першы дазвол на жыхарства ў ЕЗ у 2021 годзе, вырасла больш як удвая ў параўнанні з 2020 годам.
Тады іх было 63,5 тысячы.
Амаль палова беларусаў (47%) атрымалі ДНЖ для працы, 45% - з іншых прычын. Астатнія ДНЖ былі выдадзеныя для вучобы і з сямейных прычын.
Хто выдаў больш ДНЖ
Больш за ўсё дакументаў на часовае пражыванне нашым суграмадзянам выдала Польшча - 131 тысячу.
Дазвол на жыхарства ў Літве атрымалі 9,2 тысячы беларускіх грамадзян, у Чэхіі - 1,8 тысячы, Латвіі - 948 чалавек, Гішпаніі - 737 чалавек.