BE RU EN

Лукашэнка перадаў аэрадром «Зябраўка» пад поўны кантроль РФ

  • 7.07.2022, 17:49

Там прадаўжаюць абсталёўваць расейскую вайсковую базу.

Аэрадром «Зябраўка» ў Гомельскай вобласці Беларусі цалкам кантралюецца расейцамі, там прадаўжаюць абсталёўваць расейскую вайсковую базу. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Галоўнай аператыўнай управы Генштаба УСУ Аляксей Громаў на брыфінгу, які трансляваў медыя-цэнтр «Украіна-Укрінфарм»

«Беларусь перадала пад поўны кантроль Расеі аэрадром «Зябраўка», дзе на гэты час прадаўжаюцца мерапрыемствы абсталявання расейскай вайсковай базы. На тэрыторыі аэрадрома на гэты час знаходзяцца ракетны дывізіён аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» і дывізіён С-400 «Трыумф» «УС РФ», - сказаў Громаў.

Ён нагадаў аб анансаванай Расеяй перадачы комплексаў «Іскандэр» ва ўзброеныя сілы Беларусі, і зазначыў, што там рыхтуюцца да прыёму гэтага ўзбраення. У пункце сталай дыслакацыі 465-й ракетнай брыгады, непадалёку ад Менска, распачатае будаўніцтва ангараў для гэтых комплексаў. Цягам наступнага месяца беларускія вайскоўцы павінны паехаць вучыцца ў вайскова-касмічную акадэмію імя Мажайскага ў РФ.

Громаў зазначыў, што супрацоўнікі ФСБ РФ і беларускія афіцэры праводзяць «тлумачальную працу» ў асобных падраздзяленнях беларускіх вайскоўцаў, у першую чаргу спецназа і дэсантнікаў, наконт неабходнасці ўдзелу ў так званай «спецаперацыі на тэрыторыі Украіны», калі гэта спатрэбіцца. Таксама ў краіне вярбуюць былых вайскоўцаў, асабліва лётчыкаў і спецназаўцаў, у прыватную вайсковую кампанію «Ліга» для магчымага прыцягнення да баявых дзеянняў ва Украіне.

Громаў падкрэсліў, што не выключаецца імавернасць заходу ва Украіну праз беларускую мяжу дыверсійна-выведвальных груп. Таксама магчымыя правакацыі на беларускіх аб'ектах, у якіх паспрабуюць абвінаваціць Украіну.

«У той жа час магчымасць самастойнага - самастойнага, падкрэсліваю, асобна ад расейскіх войскаў - адкрытага ўварвання беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны ў рамках удзелу ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне застаецца нізкай», - дадаў прадстаўнік Генштаба.

Апошнія навіны