BE RU EN

Магутныя буры прайшлі ў розных раёнах Беларусі

  • 7.07.2022, 8:32

Абарваныя правады і пашкоджаныя дахі.

У сераду ў многіх рэгіёнах Беларусі лілі дажджы, шалелі навальніцы і моцны вецер. Не абышлося без шкоды і разбурэнняў. МНС прывяло кароткую зводку на канец дня.

Так, паводле інфармацыі ўстановы, у выніку непагадзі было парушанае электразабеспячэнне ў 51 населеным пункце Менскай вобласці. На 12 жылых дамах Меншчыны вецер пашкодзіў дах.

Аналагічнае надзвычайнае здарэнне адбылося і ў вёсцы Новае Пашкова пад Магілёвам – там сарваны з хаты дах пашкодзіў яшчэ і аўтамабіль Ford у двары.

Таксама ў Менску, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях фіксаваліся выпадкі падзення дрэваў, ратавальнікам даводзілася выязджаць на распілоўку. Толькі на Магілёўшчыне такіх выпадкаў было дванаццаць, у адным з іх дрэва ўпала на аўтамабіль.

У Менску праз непагадзь былі пашкоджаныя шэсць аўтамабіляў. Акрамя таго, быў парушаны графік руху на 23 тралейбусных, сямі трамвайных і двух аўтобусных маршрутах.

Таксама МНС даводзілася выязджаць на адпампоўку вады. Гэта нядзіўна, беручы да ўвагі, як затапіла Менск пры сённяшняй залеве. Вось такое відэа, напрыклад, знайшлося ў сацсетках, яго зняў гараджанін непадалёк ад рэстарана "Макдональдс" на плошчы Бангалор.

На шчасце, як паведамляе МНС, па ўсёй Беларусі ніхто ад разгулу стыхіі не пацярпеў.

Апошнія навіны