Баец палка Каліноўскага: «Брэст» заўсёды першым ірваўся ў бой
- 6.07.2022, 16:51
Іван Марчук быў сапраўдным сімвалам батальёна «Волат».
Камандзір «Волата» Іван «Брэст» Марчук карыстаўся ў батальёне Каліноўскага не проста аўтарытэтам — падначаленыя яго любілі. Баец «Волата», які пазнаёміўся з будучым камандзірам яшчэ да вайны, расказаў пра яго ў гутарцы з «Еўрарадыё».
- Ён быў сімвалам нашага батальёна. Багатыром, ідэалістам. Гэта сапраўдны мужык. І камандзір, за якім ішлі людзі. За сваіх людзей ён гатовы быў аддаць усё, у тым ліку жыццё.
Ён карыстаўся павагай у нашым батальёне, ды і не толькі ў ім. Яго паважалі ў ветэранскім руху Украіны. Гэта чалавек, які да сваіх 28 гадоў прайшоў і Украіну, і французскі інтэрнацыянальны легіён.
Гэта цяжкая страта для нас. Ды не толькі для нас, не толькі для батальёна. Такіх байцоў, як «Брэст», людзей такіх прынцыпаў хацелася б бачыць больш. Гэта вялікая страта для нацыі. Нашы загінулыя - гэта яе найлепшыя прадстаўнікі.
Ён спрабаваў стварыць структуру, пры якой кожнага чалавека можна было б замяніць у батальёне, бо разумеў: усё не вечнае. Можа здарыцца і тое, што здарылася з ім самім.
Імёны нашых загінулых будуць у нашай «Нябеснай сотні». Яны вечна будуць жыць у Вальгале і глядзець на нас, радавацца, калі мы будзем рабіць добрыя ўчынкі.
Суразмоўца расказвае, што камандзір заўсёды першым ірваўся ў бой і імкнуўся быць у цэнтры ўсіх падзей.
- І гэтую групу ён павёў у бой сам. Ён быў вельмі дасведчаны і хацеў сам усё кантраляваць. За ўсіх перажываў, усіх любіў і казаў: мае байцы самыя найлепшыя ў свеце.
Суразмоўца выдання ўзгадвае, як упершыню сустрэў Івана Марчука. У той час яшчэ не было ні палка Каліноўскага, ні самой вайны.
- Метр семдзесят. Барадаты! З гучным голасам, які мог перакрычаць танк! Яму не ставала толькі сякеры. Мною ўспрымаўся проста як міфічны персанаж - такі харызматычны быў дзядзька.
Камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст» Марчук загінуў падчас выканання задання пад Лісічанскам.