BE RU EN

«Ніякіх стасункаў з пракрамлёўскай уладай»: У Кіеве адрэагавалі на заяву Лукашэнкі пра пастаўкі збожжа праз Беларусь

  • 6.07.2022, 10:43

Міністэрства інфраструктуры Украіны разглядае заяву дыктатара як акт інфармацыйнай вайны.

Міністэрства інфраструктуры Украіны аспрэчыла заяву Аляксандра Лукашэнкі пра пачатак паставак украінскага збожжа на знешні рынак праз Беларусь.

«Украіна не перавозіць у Беларусь або праз яе тэрыторыю ніводнага тавару ніводнага з відаў транспарту. Заява Аляксандра Лукашэнкі аб вывазе ўкраінскага збожжа праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не адпавядае рэчаіснасці», – адзначаецца ў заяве Міністэрства інфраструктуры Украіны.

У міністэрстве падкрэслілі, што не падтрымліваюць ніякіх стасункаў з «пракрамлёўскай уладай дзяржавы-сатэліта і спадзяюцца на справядлівы Міжнародны суд аб удзеле Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны».

«Разглядаем гэтую заяву Лукашэнкі як чарговы акт інфармацыйнай вайны», – заявілі ў Міністэрстве інфраструктуры Украіны.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праз Беларусь нібыта пачаўся транзіт украінскага збожжа.

«Вязуць! Нам ужо перадаплату аддалі чыгунцы. Вязуць. Чайнымі лыжкамі», – заявіў Лукашэнка.

У выніку расейскай агрэсіі ва Украіне знішчаныя некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася зерне мінулага ўраджаю. Пасля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня расейскія войскі выкрадалі збожжа і перамяшчалі яго ў Крым для далейшага продажу на знешнім рынку. Адначасова расейскае войска заблакавала ўкраінскія марскія парты, праз якія ажыццяўляліся пастаўкі збожжа з Украіны.

Генеральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш неаднаразова заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краінаў можа наступіць голад, а ў 2023-м сітуацыя будзе яшчэ горшай. Вайну ва Украіне ён называе адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

Апошнія навіны