BE RU EN

Заява палка імя Кастуся Каліноўскага

  • 6.07.2022, 14:51

Байцы палка спынілі прарыў танкавай калоны ворага пад Лісічанскам.

26 чэрвеня батальён «Волат» палка Кастуся Каліноўскага ўдзельнічаў у стрымліванні танкавага прарыву акупантаў у раёне Лісічанска, паведамляе прэс-служба палка.

Невялікая група нашых байцоў пачала няроўны бой з большымі сіламі ворага. Пасля некалькіх гадзінаў кантакту сілы акупантаў былі адкінутыя, тэхніка падбітая з ручных супрацьтанкавых сродкаў, а сярод нашых хлопцаў толькі адзін быў лёгка паранены.

Толькі другой хваляю, кінуўшы на наш невялікі атрад значныя сілы, у тым ліку – танкі, байцоў палка Кастуся Каліноўскага пачалі адціскаць. І нават тады нашы хлопцы не здаліся і навялі ўкраінскую артылерыю на жывую сілу і тэхніку ворага. На жаль, у пэўны момант сувязь з нашымі ваярамі перарвалася…

Можна сказаць упэўнена, што дзякуючы асабістаму гераізму і самаахвяраванню нашы беларускія хлопцы змаглі спыніць наступ танкавай калоны, тым самым даўшы магчымасць бяспечна адысці асноўным сілам УСУ на тым напрамку.

У першыя дні не было разумення таго, дзе знаходзяцца некаторыя нашы байцы, і мы спадзяваліся на свядомасць СМІ, бо ў такія моманты вельмі важна захоўваць цішыню, каб у беларускіх добраахвотнікаў у выпадку палону застаўся шанец патрапіць на абмен, як у іншых байцоў Узброеных Сілаў Украіны, і вярнуцца дадому. Менавіта з гэтай прычыны полк вытрымліваў паўзу, каб не нашкодзіць нашым хлопцам.

Але цяпер мы перарываем маўчанне, каб з болем у сэрцы паведаміць, што, выконваючы свой баявы абавязак гераічна загінуў камандзір батальёна «Волат» палка Каліноўскага з пазыўным Брэст.

З першых дзён вайны ён стаяў на абароне Украіны ад расейскай агрэсіі і быў ля вытокаў заснавання палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, адважнага і самаахвярнага чалавека, які за кожнага свайго байца быў гатовы на ўсё. Брэст меў выключны аўтарытэт сярод ваяроў палка. Акрамя гэтага, ён быў адданым сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню свабоднай Беларусі. Гэта вельмі вялікая і балючая страта для нас усіх.

Ад імя ўсіх ваяроў і камандавання палка Каліноўскага выказваем спачуванні сям'і, блізкім і сябрам Брэста і падтрымку родным нашых зніклых без вестак дзяцей.

На жаль, падчас той аперацыі яшчэ некалькі нашых ваяроў зніклі без вестак.

Вядуцца пошукавыя дзеянні ў дачыненні да іх. Полк Каліноўскага трымае сувязь са сваякамі і блізкімі нашых зніклых хлопцаў. Мы прыкладаем усе магчымыя сродкі і намаганні, каб вярнуць нашых хлопцаў назад і не спынімся ні перад чым, бо мы б'емся за кожнага і верым, што яны жывыя.

На гэты момант вядома толькі, што адзін з нашых байцоў Ян Дзюрбейка з пазыўным «Тромблі» знаходзіцца ў палоне. У адпаведнасці з загадам, атрыманым нашымі ваярамі, у выпадку трапляння ў палон, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, яны павінны гаварыць тое, што хоча ад іх пачуць вораг.

Асабліва звяртаем увагу: паколькі наш баец з'яўляецца кантрактным вайскоўцам, а не наймітам, ён афіцыйна з'яўляецца ваеннапалонным.

Звяртаем вашу ўвагу, што на гэты момант у віртуальнай прасторы распаўсюджваецца шмат фэйкаў, якія не маюць пад сабой ніякіх фактаў. Наш полк праводзіць дзеянні ў высвятленні і праверцы ўсёй атрыманай інфармацыі. Пры з'яўленні дадатковай інфармацыі і праверцы яе сапраўднасці мы будзем асвятляць у наступных афіцыйных прэс-рэлізах падрабязныя дэталі здарэння.

Жыве Беларусь!

Апошнія навіны