BE RU EN

Робэрт Тышкевіч: Ідзе знішчэнне польскай нацыянальнай памяці ў Беларусі

  • 5.07.2022, 21:44

На Гарадзеншчыне руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў Арміі Краёвай.

Акты вандалізму на дзяржаўным узроўні. На Гарадзеншчыне руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў Арміі Краёвай. Толькі нядаўна польскае МЗС паведаміла, што невядомыя знішчылі польскія пахаванні ў Ашмянах, Іўі, Ёдкавічах, Багданах, Бабровічах, Дындылішках, а цяпер у сацыяльных сетках з’явіліся фотаздымкі зруйнаваных пахаванняў польскіх жаўнераў у Мікулішках, пiша racyja.com.

Дэпутат польскага Сейму Робэрт Тышкевіч, старшыня камісіі па сувязях з палякамі за мяжой, называе гэта нечуваным актам варварства:

– Такога яшчэ не бачыла цывілізаваная Еўропа. Бывае часамі, што скідаюць і руйнуюць помнікі, але ніколі не знішчаюцца магілы. Гэта па-за межамі еўрапейскай цывілізацыі. Прыгадаем, што праз тэрыторыю Еўропы прайшло шмат войнаў, і ёсць розныя могілкі, але стандартам еўрапейскай цывілізацыі ёсць дбанне пра пахаванні жаўнераў незалежна ад таго, з якой арміі яны паходзяць і ў якіх войнах яны загінулі. У гэтым выпадку мы маем дачыненне з парушэннем граніцы элементарнай прыстойнасці і цывілізаваных паводзін.

“Поўная дзікасць і поўнае варварства”, – дадае польскі палітык. І звяртае ўвагу, што гэта чарговы этап пераследу прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі:

– На працягу года мы маем дачыненне з антыпольскай кампаніяй у Беларусі: зачыняюцца польскія школы, за кратамі знаходзіцца Анджэй Пачобут, пад хатнім арыштам – Анжаліка Борыс, лідары польскай меншасці ў Беларусі. Таксама забараняюцца любыя культурныя мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем памяці нацыянальных герояў. І вось чарговым прыкладам, чарговай граніцай, якая была зламаная, стала проста фізічнае знішчэнне слядоў польскай нацыянальнай памяці ў Беларусі.

Паводле польскага Міністэрства замежных спраў, у гарадзенскім рэгіёне знаходзіцца 550 месцаў пахавання польскіх жаўнераў, у тым ліку ўдзельнікаў народных паўстанняў і абаронцаў Гародні.

Гісторык Васіль Герасімчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку прыгадвае, што бой пад Мікулішкамі стаў своеасаблівым “баявым хрышчэннем” партызан Арміі Краёвай на Віленшчыне. Атрад акаўцаў быў атакаваны нямецка-літоўскім карным атрадам, у выніку цяжкага бою загінулі ўсе нямецкія жандармы з Ашмянаў і Гальшанаў разам са сваім камандзірам і 20 літоўскіх паліцэйскіх, было забіта пяць партызан АК, сярод якіх паручнік Пётр Матылевіч (псеўданім “Крэмень”).

У канцы чэрвеня 1992 года ў Мікулішках адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка загінулым акаўцам. Прысутнічалі госці з Вільні, Польшчы, прадстаўнікі мясцовых беларускіх уладаў і грамадскасці, журналісты, а ксёндз Бенядыкт Высіньскі адслужыў жалобную імшу.

Апошнія навіны