BE RU EN

Праз вайну расейцы сталі жыць надгаладзь.

  • 3.07.2022, 13:36

Інфляцыя ў Расеі разагналася да рэкордных значэнняў.

Вайна з Украінай, санкцыі Захаду і разгон інфляцыі да рэкордных за 20 гадоў значэнняў змушаюць расейскіх спажыўцоў масава «зацягваць паясы», піша moscowtimes.eu.

Расейцы ўсё менш выдаткоўваюць у крамах і абарот раздробнага гандлю ў краіне рэзка скарачаецца другі месяц запар. Паводле вынікаў траўня ён апынуўся на 10,1% ніжэйшым, чым годам раней, а ў параўнанні з красавіком спад паскорыўся на 0,3 працэнтнага пункта, вынікае са звестак Расстата.

Людзі пачалі эканоміць пасля таго, як кошты на ялавічыну з пачатку года падскочылі на 14%, рыс падаражэў на 30%, цукар - на 40%, а морква - на 50%.

Продажы прадуктаў харчавання ў траўні, паводле Расстата, скараціліся на 1,8% год да года пасля падзення на 1,7% у красавіку. Гаворка ідзе пра лічбы ў рэальным выражэнні - гэта значыць з улікам харчовай інфляцыі, якая падскочыла амаль да 20%.

Расейцы сталі менш купляць ежы праз месяц пасля пачатку вайны: у красавіку выдаткі на прадукты харчавання скараціліся на 5,3% адносна сакавіка, а ў траўні яшчэ на 0,1% у параўнанні з красавіком, ацэньвае аналітык Райффайзенбанка Станіслаў Мурашоў.

Апытанне, праведзенае сэрвісам HeadHunter у чэрвені, паказала: 39% грамадзян скардзяцца, што грошай ім не стае нават на тое, каб пакрыць асноўныя выдаткі. Яшчэ 38% прызналіся, што з цяжкасцю зводзяць канцы з канцамі.

Красавік і травень прынеслі людзям новую хвалю падзення даходаў: заробкі ў рэальным выражэнні ўпалі на 7,2% (максімум з 2015 года), а пенсіі - з улікам інфляцыі - абрынуліся на 8,2%, чаго статыстыка не фіксавала з канца 90-х .

Апошнія навіны