BE RU EN

Якія ўтульныя лецішчы можна танна купіць недалёка ад Менска

  • 3.07.2022, 11:37

З рамонтам і санвузлом у хаце, недалёка ад лесу.

Сайт Realt.by працягвае расказваць пра цікавыя і недарагія лецішчы побач з Менскам, выстаўленыя на продаж. Сёння ў агляд патрапілі домікі на адлегласці да 30 км ад МКАД і коштам да 20 тысяч даляраў.

СТ «Лясное-90», Лагойскі кірунак, 22 км ад МКАД

Вакол СТ знаходзіцца грыбны лес, дабрацца сюды можна аўтобусам з Менска.

Тут прадаецца аднапавярховы драўляны каркасны садовы домік, агульны пляц 46 м2.

Дом уцеплены, ацяпленне пячное, каналізацыя мясцовая. У ёй ёсць санвузел, устаноўленая душавая кабіна, пральная машына. Вада сезонная, разведзеная па хаце (заведзена ў санвузел і кухню).

Участак 8 сотак, дагледжаны. На ім пасеяны газон, ёсць сад. Агароджаны ён жывой загараддзю з елкі. Кошт пытання - 16 500 даляраў.

СТ «Іскра-2002», Пухавіцкі напрамак, 30 км ад МКАД

Таварыства знаходзіцца за 4 км ад чыгуначнай станцыі Раўнаполле. Побач лес. Каля брамы СТ прыпынак грамадскага транспарту.

Дом аднапавярховы, драўляны. Сцены ўцеплены, абабіты сайдынгам. Агульны пляц 55 м2. Унутры свежы рамонт, устаноўлены шклопакеты. Ацяпленне пячное, вада заведзеная - ад свідравіны.

Участак 5.42 соткі роўны, квадратнай формы. Акрамя дома на ўчастку ёсць прыбіральня і гаспадарчая пабудова. За гэта лецішча просяць 9500 даляраў

СТ «Ніва-1», Магілёўскі кірунак, 30 км ад МКАД

За 2 км ад СТ знаходзіцца станцыя электрычкі «Рыбцы», кожную гадзіну ездзіць маршрутка да метро «Магілёўская». Месца маляўнічае, праз дарогу – лес. Да ракі 800 метраў. Побач знаходзіцца вёска з крмай. Да таварыства вядуць добрыя пад'язныя шляхі. Дарогі зімой чысцяцца, арганізаваны вываз смецця.

Домік будаваўся паводле сучаснага праекту. Ён новы, каркасны, на палевым падмурку. Унутры ўжо пафарбаваныя сцены, ляжыць драўляная падлога, выдзелена месца для санвузла. Па праекце перад домам прадугледжаная тэраса.

На ўчастку ёсць сезонная вада. Святло трэба падводзіць ад слупа побач.

Па ўсёй тэрыторыі пасаджаны газон, растуць пладовыя дрэвы. Таксама ёсць цяпліца з полікарбанату.

Кошт - 12 700 даляраў.

СТ «Бытавік-1», Маскоўскі кірунак, 20 км ад МКАД

Таварыства знаходзіцца побач з Юхноўскім заказнікам. Транспартныя злучэнні з Менскам цудоўныя — сюды ходзяць маршруткі і гарадскі аўтобус.

Тут прадаецца новы домік на 24 «квадраты» з цалкам гатовым унутраным аздабленнем. Будаваўся ён па каркаснай тэхналогіі, прыдатны для пражывання цэлы год. Вада і электрычнасць ёсць.

Участак 5 сотак, засеяны травой. За гэтае лецішча просяць 16 900 даляраў.

Апошнія навіны