BE RU EN

Журналіст Алег Груздзіловіч другі раз трапіў у ШІЗА ў калоніі

  • 1.07.2022, 9:29

Кіраўніцтва калоніі ў грубай форме адмовілася паведаміць падрабязнасці сваякам.

Жонка журналіста Алега Груздзіловіча Мар'яна апісала сустрэчу з кіраўніком Магілёўскай калоніі, дзе сядзіць муж, паведамляе «Радыё Свабода».

Калі ад Алега перасталі прыходзіць лісты, жонка Мар'яна напісала грунтоўны ліст кіраўніцтву калоніі, адправіла яго поштай і запісалася на 28 чэрвеня на прыём да кіраўніка папраўчай установы. І хоць напярэдадні, 27 чэрвеня, ліст ад Алега ўжо прыйшоў і жонка ведала пра другое ШІЗА, свой візіт яна не скасавала, паехала ў Магілёў. Хацела на ўласныя вочы паглядзець, дзе сядзіць муж, па-чалавечы пагутарыць з кіраўніцтвам калоніі.

Яе ліст кіраўнік калоніі яшчэ не прачытаў – маўляў, іх прыходзіць вельмі шмат, і спачатку лісты чытаюць памочнікі.

«Асноўны мой пасыл у лісце быў – каб да Алега ставіліся па-чалавечы. Як “настаўніца” я напісала характарыстыку Алегу, што ён паважаны журналіст, добры сем'янін, прыстойны чалавек», – расказала жонка.

Калі кіраўнік калоніі даведаўся, што справа тычыцца палітвязня, сказаў: «Усё зразумела».

Паклікаў яшчэ аднаго супрацоўніка, маладзейшага – Мар'яна мяркуе, што гэта быў камандзір атрада, у якім сядзіць Алег. Спытаў, ці падаваў зняволены Груздзіловіч заяву, каб ягоныя інтарэсы нехта прадстаўляў. Той супрацоўнік адказаў, што не.

«Я вам ніякай інфармацыі даваць не буду. У вас няма заявы ад мужа, што вы можаце прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Мусіць быць заява, маўляў, адкуль я ведаю, якія паміж вамі стасункі? Можа, дрэнныя, і ён не хоча?» – эмацыйна ўспамінае Мар'яна размова з кіраўніком калоніі.

Жонка спрабавала высветліць, за што канкрэтна, за якую правіну Алег два разы запар трапляў у ШІЗА. Спытала таксама, за што яго пазбавілі доўгага і кароткага спатканняў і перадачы, ці можа яна даслаць хоць бы бандэроль з вітамінамі.

«Ён вельмі груба адказаў, што ніякай інфармацыі мне даваць ня будзе. Маўляў, "няхай ён вам сам паведаміць". Чалавечай размовы не атрымалася», – кажа жонка Груздзіловіча.

3 сакавіка Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў масавых беспарадках падчас пратэстаў 2020 года, ён асвятляў акцыі як журналіст. Таксама Груздзіловічу прад'явілі пазоў на 56 тысячаў рублёў.

Апошнія навіны