BE RU EN

У адным з раёнаў Магілёўскай вобласці абаясцілі карантын праз шаленства

  • 30.06.2022, 17:55

Год таму там жа ўводзіліся такія абмежаванні.

Праз шаленства жывёл увялі карантын на некаторых тэрыторыях Клімавіцкага раёна. Адпаведную пастанову прынялі мясцовыя ўлады. Абмежаванні датычацца вёскі Гусаркі і фермы «Галічы» камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Прыгранічны-Агра», а таксама прылеглых да іх лясных масіваў.

Як паведамляе rodniva.by распрацаваны адпаведны аператыўны план і мерапрыемствы для ліквідацыі эпізаатычнага агменю і папярэджання новых выпадкаў захворвання.

Дарэчы, карантын праз шаленства ўводзілі ў Клімавіцкім раёне і летась.

Шаленства - вострае інфекцыйнае захворванне заанознай прыроды, якое праходзіць з паразай нервовай сістэмы і сканчаецца смяротным зыходам. Папярэдзіць хваробу ў чалавека і жывёл можна толькі з дапамогай курса прафілактычных прышчэпак.

Са свойскіх жывёл крыніцамі інфекцыі для чалавека часцей за ўсё становяцца сабакі і каты, з дзікіх - лісіцы, ваўкі, янотападобныя сабакі і розныя грызуны. Заражэнне чалавека можа адбывацца праз укусы, ранкі, драпіны, асліненні скурных пакроваў, слізістай, а таксама пры кантакце з прадметамі, забруджанымі інфікаванай слінай.

Апошнія навіны