BE RU EN

У Віцебску муж і жонка выкралі жанчыну, каб развязаць кватэрнае пытанне

  • 30.06.2022, 12:12

Кватэру планавалі прадаць.

Муж і жонка выкралі жанчыну, каб тая выпісалася са сваёй кватэры, паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама. Кватэру планавалі прадаць.

Спачатку муж і жонка выйшлі на аднаго з жыхароў Віцебска, якому паабяцалі выплаціць завінавачанасць за камунальныя паслугі, калі ён аформіць частку сваёй кватэры на іх. Пасля гэтага раней неаднаразова судзімы 25-гадовы віцябчук і ягоная 35-гадовая жонка сталі ўгаворваць на ўгоду ўладальніцу другой паловы жылля, але тая ўпарта не хацела прадаваць свае квадратныя метры і пераехаць у вёску да былога мужа.

Тады жанчыне прапанавалі дапамагчы з абменам пратэрмінаванага пашпарта. Пасля таго, як яна атрымала дакумент, муж і жонка завабілі яе ў аўтамабіль, скруцілі і вывезлі ў Лёзненскі раён. Тамака ёй абмежавалі волю і ўсталявалі за ёй назіранне. Праз некалькі гадзін жанчыне ўдалося ўцячы. Падазраванага, а затым і яго жонку затрымалі.

Паводле факту выкрадання чалавека ў дачыненні да мужа з жонкай распачатая крымінальная справа. У міліцыі мяркуюць, што гэты выпадак быў не адзіны.

Апошнія навіны