Сілы ўварвання РФ на Данбасе ўзначаліў генерал, які ціснуў гусеніцамі людзей у Маскве.
- 25.06.2022, 13:41
Чым вядомы генерал-палкоўнік Сяргей Суровікін?
З пачатку чэрвеня вышэйшае камандаванне Расеі адхіліла некалькіх генералаў ад ключавых аператыўных камандных пасад у вайне супраць Украіны.
Як паведамляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter, сілы на Данбасе ўзначаліў генерал Сяргей Суровікін.
Паводле звестак брытанскай разведкі, у лік адхіленых генералаў уваходзяць камандзір Паветрана-дэсантнымі войскамі (ПДВ) генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў і камандзір Паўднёвай групай войскаў (ПГВ) генерал арміі Аляксандр Дворнікаў, які таксама нейкі час выконваў абавязкі галоўнага аператыўнага камандуючага.
«Камандаванне ПГВ, магчыма, пяройдзе да генерал-палкоўніка Сяргея Суровікіна, бо ПГВ працягвае выконваць цэнтральную ролю ў наступе Расеі на Данбасе», – паведамілі ў брытанскай разведцы.
Таксама адзначаецца, што на працягу больш за трыццаць гадоў кар'ера Суровікіна суправаджалася абвінавачваннямі ў карупцыі і жорсткасці.
Сяргей Суровікін - што пра яго вядома
У кар'еры Суровікіна сапраўды ёсць некалькі даволі крывавых падзей. Ён двойчы быў пад следствам, і аднойчы правёў пад арыштам некаторы час. Але пасля прыходу да ўлады ў Расеі дыктатара Уладзіміра Пуціна стаў адным з яго любімцаў.
Салдаты пад кіраўніцтвам Суровікіна задушылі вайсковай тэхнікай траіх пратэстоўцаў у Маскве падчас жнівеньскага перавароту 1991 года. Ён атрымаў загад усталяваць блокпасты на Садовым коле ў Маскве. Але ягонай калоне ў складзе 20 БМП-1 і аднаго БРДМ-2 заступілі дарогу пратэстоўцы. Суровікін наважыў ісці на прарыў. З часткай калоны яму ўдалося прарвацца праз завалы. Тады падчас гэтага прарыву загінулі тры пратэстоўцы. А Суровікін пасля гэтага быў арыштаваны. Ён сем месяцаў знаходзіўся пад вартай. Але не толькі не пакараны за гэта, але і пасля гэтага атрымаў павышэнне.
Ужо ў 1995 годзе ён атрымаў пакаранне ў выглядзе аднаго года ўмоўна. Яго прызналі вінаватым у дапамозе ў набыцці і збыце, а таксама нашэння агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў без адпаведнага дазволу. Але потым абвінавачанні знялі, а судзімасць загасілі.
У сакавіку 2004 года збіў падначаленага. Памочнік начальніка аддзялення ў выхаваўчай рабоце штаба дывізіі падпалкоўнік Віктар Цыбізаў заяўляў, што збіццё адбылося з палітычных матываў.
У красавіку 2004 года ў кабінеце камандзіра дывізіі Суровікіна ў прысутнасці яго самога і намесніка камандуючага войскамі акругі застрэліўся намеснік камандзіра дывізіі па ўзбраенні палкоўнік Андрэй Штакал.
У часы расейскага вайсковага ўварвання ў Сірыю двойчы кіраваў там групоўкай войскаў. Упершыню - з красавіка да снежня 2017 года. Кіраваў групоўкай больш за дзевяць месяцаў, даўжэй за ўсіх іншых камандуючых.
Пры гэтым працягваў кіраваць войскамі, хаця яго 31 кастрычніка прызначылі на пасаду кіраўніка паветрана-касмічных сіл. Ён першы агульнавайсковы генерал, які ўзначаліў гэты тып войскаў. Хаця за час сваёй службы неаднаразова мяняў род войскаў, што не надта ўхваляецца ў арміі.
У студзені 2019 года яго зноў кінулі ў Сірыю. Другое яго знаходжанне там доўжылася чатыры месяцы - да красавіка 2019 года.