BE RU EN

На колькі ўпадуць заробкі беларусаў праз новую пенсійную рэформу?

  • 24.06.2022, 23:00

Лукашысты робяць усё для збяднення беларусаў.

З 1 кастрычніка ў Беларусі стартуе новая пенсійная рэформа. Паралельна агучваюцца новыя прапановы змянення пенсійнай сістэмы. «Флагшток» тлумачыць на лічбах, чаму ўсе прапановы ў канчатковым рахунку вядуць да збяднення грамадзянаў.

Галоўнай навіной абвешчанай рэформы стане ўвядзенне дадатковай ашчаднай пенсіі. Цяпер для большасці наймальнікаў адлічэнні ў ФСАН на супрацоўніка складаюць 34% (6% заробкавага фонду ідзе на выплату сацыяльных дапамог, 28% – на пенсійнае страхаванне). Дадаткова 1% на пенсію са свайго заробку выплачвае сам супрацоўнік.

Сутнасць зменаў у тым, што супрацоўнікі пры жаданні змогуць выплачваць дадатковы страхавы ўнёсак да 10% ад свайго заробку. Наймальнік будзе налічваць да гэтых сродкаў дадатковы бонус, які павінен быць роўны страхавому ўнёску працаўніка, але не большы за 3%. Пры гэтым агульны ўнёсак працадаўцы на сацыяльнае (пенсійнае) страхаванне не павялічваецца. Для яго будзе сувымерна зменшаны тарыф абавязковага 28-адсоткавага страхавога ўнёску на пенсійнае страхаванне. У якасці бонусу ў сувязі з выплатай унёскаў на дадатковую ашчадную пенсію супрацоўніку дадуць ільготу ў падаходным падатку.

Журналісты наглядна праілюстравалі, як зменіцца велічыня ўнёскаў, падаходнага падатку, сабекошт наймальніка і чысты заробак працаўніка. Для прыкладу возьмем намінальны заробак памерам 1000 рублёў і дадатковы страхавы ўнёсак працаўніка памерам 3% і 10%.

Як бачым, у выніку рэформы патэнцыйна ў прыбытку толькі Фонд сацыяльнай абароны. Пры дадатковым страхавым унёску супрацоўніка памерам 3% на такую самую велічыню скароціцца і чысты заробак супрацоўніка. Пры павелічэнні страхавога ўнёску на максімальную велічыню скарачэнне чыстага заробку складзе 7% за кошт павелічэння падатковага выліку.

У абмен беларусам абяцаюць павелічэнне пенсіі ў будучыні. Але праблема ў тым, што Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ўжо цяпер не стае сродкаў. Пакуль дэфіцыт вымушаныя пакрываць з рэспубліканскага бюджэту. Пасля правядзення рэформы нястачу можна будзе пакрываць з ашчаднай часткі, як гэта цяпер адбываецца ў Расеі. З улікам такога бэкграўнду і эканамічнага крызісу, які разрастаецца, здаецца вельмі малаверагодным, што беларусы трапяцца на прынаду і пагодзяцца на скарачэнне заробку дзеля патэнцыйнага ашчаджэння пенсіі.

Таму зусім не здаецца выпадковым з'яўленне ў публічнай прасторы прапановы рэфармавання пенсійнай сістэмы ад Бізнэс-звязу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага. Дырэктарка бізнэс-звязу Жанна Тарасевіч прапанавала павялічыць пенсійны ўзрост для жанчынаў яшчэ да 63 гадоў і пераразмеркаваць унёскі ў ФСАН раўнамерна паміж наймальнікам і супрацоўнікам. Калі з павелічэннем пенсійнага ўзросту ўсё зразумела – гэта чарговае адыманне пенсійных ашчаджэнняў супрацоўнікаў, то наступствы другой прапановы маюць патрэбу ў тлумачэнні. Журналісты разгледзелі, да чаго гэта прывядзе на іх папярэднім прыкладзе. За базу прынялі два сцэнары зменаў:

1. У працадаўцы пасля зменаў не павінен вырасці сабекошт.

2. У супрацоўніка пасля зменаў не павінен знізіцца чысты заробак.

Пры першым сцэнары статыстычна ўсё выглядае так, нібыта ўсе застануцца ў прыбытку. Павялічацца ўнёскі ў ФСАН, але не адбудзецца росту сабекошту і, адпаведна, коштаў, павялічыцца збор падаходнага падатку і нават вырасце намінальны заробак, які якраз і выкарыстоўваецца для статыстыкі. Але супрацоўнікі ў рэальнасці стануць атрымліваць менш на 6%, таму што рост намінальнага заробку будзе "з'едзены" ростам унёскаў у ФСАН.

Наступствы другога сцэнару для простых беларусаў не нашмат лепшыя. Для таго каб беларусы не сталі атрымліваць на рукі менш, заробкавая частка сабекошту павінна вырасці на 6%, а гэта ў любым выпадку азначае рост коштаў. Адпаведна рэальныя прыбыткі ўсё роўна ўпадуць.

Такім чынам, рэалізацыя любога сцэнара прывядзе да росту выплаты падаткаў і збораў у ФСАН. Белстат жа зможа даць справаздачу і пра "рост сярэдняга заробку" ў краіне. Толькі вось простыя беларусы ў любым выпадку будуць жыць горш. Але хто сказаў, што пенсійная рэформа задуманая для простых беларусаў?

Апошнія навіны