BE RU EN

У Гомельскай вобласці працягваецца паводка

  • 5.05.2022, 12:17

Падтоплены ўжо 50 дамоў.

У Гомельскай вобласці працягваецца паводка. Цяпер падтапленні адзначаюцца не толькі на Сожы і Іпуці, але і на Дняпры, паведамляе zerkalo.io са спасылкай на прэс-службу МНС.

Так, 4 траўня ў Гомельскім раёне, Добрушы і Рэчыцы ў выніку ўздыму Сожа, Іпуці, Дняпра і іх прытокаў былі падтопленыя ўжо 50 прыватных падворкаў, 26 жылых і адзін нежылы дом, 23 гаспадарчыя пабудовы і пяць адцінкаў аўтадарог. Вада падтапляе будынкі на ўзровень да паўметра. У абласной зводцы зазначаюць, што падтапленні фіксуюцца і ў Рагачоўскім раёне. Нідзе ў вобласці эвакуацыя жыхароў не запатрабавалася.

Цяпер глыбіня затаплення пойменных земляў у названых месцах складае ад 17 да 252 см, у выпадку Сожа ў Гомелі і Іпуці ў Добрушы ўзроўні вышэйшы за небяспечна высокія адзнакі. Пра гэта распавёў начальнік філіяла «Гомельаблгідрамет» Вячаслаў Жукаў, паведамляе тэлеграм-канал Гомельскага аблвыканкама.

Узровень вады расце на Дняпры на адцінку ніжэй да Рэчыцы, на Бярэзіне ля Светлагорска, Прыпяці ля Нароўлі і некаторых прытоках. Максімальны прырост на 16 см за дзень адзначаны на Дняпры ў Лоева.

У найбліжэйшыя дні ў большасці рэк вобласці ўзровень вады працягне павялічвацца, але меншымі тэмпамі. На Сожы каля Гомеля, Дняпры ў Жлобіна і Беседзі ў Свеціловіч адзначаецца нязначны спад.

Такую паводку на Дняпры, Бярэзіне, Сожы і Прыпяці Жукаў патлумачыў вялікай колькасцю ападкаў у красавіку. У дадатак у басейнах Сожа і Дняпра гэта наклалася на максімум вясновай паводкі.

Апошнія навіны