У Ровенскай вобласці бензавоз сутыкнуўся з аўтобусамі: загінулі 26 чалавек
- 4.05.2022, 9:04
Жудасная аварыя адбылася на трасе Кіеў - Чоп.
Колькасць ахвяр смяротнага ДТЗ, якое адбылося ўвечары 3 траўня на аўтатрасе Кіеў - Чоп у Ровенскай вобласці, вырасла да 26 чалавек. Пра гэта ў Facebook паведаміла паліцыя рэгіёна.
У паліцыі расказалі, што кіроўца мікрааўтобуса Mercedes-Benz Vito, які ўчыніў ДТЗ, абганяючы іншы аўтамабіль, выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з бензавозам. У далейшым, як паведамлялася раней, бензавоз выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтобусам з пасажырамі. Затым бензавоз узарваўся, знішчыўшы агнём мікрааўтобус і аўтобус.
Асоба загінулага кіроўцы мікрааўтобуса пакуль не вызначаная.
На момант ДТЗ у салоне аўтобуса Setra, які накіроўваўся ў Польшчу, знаходзіліся 34 пасажыры і адзін кіроўца. Высветлілася, што яшчэ адзін пасажыр павінен быў садзіцца ў Бродах, а другі кіроўца - у Львове.
Усяго ў ДТЗ загінулі 26 чалавек: 24 пасажыры і два кіроўцы (мікрааўтобуса і аўтобуса). Траўміравалася 12 чалавек: 11 - пасажыраў аўтобуса і кіроўца бензавоза.
Усе пасажыры - ва ўзросце ад 17 да 69 гадоў. Самаму малодшаму 12 траўня павінна было споўніцца 18 гадоў. Усе ўдзельнікі ДТЗ - з Жытомірскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Хмяльніцкай абласцей.