BE RU EN

Сталі вядомыя падрабязнасці смерці 22-гадовай футбалісткі ў віцебскім гатэлі

  • 29.05.2022, 17:16

Караліне Раманчук нечакана стала блага.

Субота 28 траўня не абяцала для жаночай каманды "Віцебску" нічога трагічнага. У першую палову дня дзяўчаты правялі трэніроўку ў штатным рэжыме, рыхтуючыся да выезду на нядзельную гульню супраць берасцейскага "Дынама". На поўдзень Беларусі каманда мела намер дабірацца цягніком — клубныя аўтобусы занялі мужчынскія каманды, якія гэты ўік-энд праводзяць у Салігорску. Выезд быў прызначаны блізу трэцяй ночы ў нядзелю, таму некаторыя футбалісткі пастанавілі не класціся адпачываць дома, а ўжо выспацца ў купэ па дарозе ў Берасце. Дзевяць гадзінаў у дарозе для гэтага павінна было хапіць. Іншагароднія футбалісткі "Віцебска", як і выхаванцы моладзевых камандаў, жывуць у адным з мясцовых гатэляў. Менавіта там увечары суботы адбыліся трагічныя падзеі, піша "Трыбуна".

Што здарылася

Гарадзенцы Караліне Раманчук, якая знаходзілася ў гатэлі, у раёне восьмай гадзіны вечару нечакана стала блага. Дзяўчына страціла прытомнасць і перастала дыхаць. Пры гэтым у яе прамацваўся пульс. Неўзабаве цела праз нястачу кіслароду пасінела, і Караліна памерла. Людзі, якія знаходзіліся побач, адразу ж выклікалі хуткую дапамогу, аднак, на іхнюю думку, яна ехала вельмі доўга.

Наконт прычынаў смерці Караліны застаецца толькі здагадвацца. Лекары змогуць адказаць на гэтае пытанне ў панядзелак, калі правядуць ускрыццё.

Чым вядомая Раманчук

13 лютага Караліне споўнілася 22 гады. Раманчук пачынала футбольны шлях у ДЮСШ АФП прафкама СВК "Прагрэс-Верцялішкі" ў трэнера Міхаіла Харытанюка. У 2016-м у складзе зборнай Беларусі U-17 згуляла ва ўсіх трох матчах кваліфікацыі ЧЕ-2017. У наступным годзе Караліна на дарослым узроўні дэбютавала ў складзе "Нёмана", за які выступала да канца 2020-га. За гэты час абаронца двойчы перамагала бронзу чэмпіянату Беларусі (2019, 2020), правёўшы за гарадзенак 60 матчаў жаночай лігі і забіўшы адзін мяч.

У пачатку 2021-га Раманчук падпісала кантракт з толькі створанай жаночай камандай "Віцебска". Там Караліна была жалезным гульцом стартавага складу, дзейнічаючы ў цэнтры абароны або на левым флангу абароны. У дэбютным для сябе чэмпіянаце "Віцебск" фінішаваў сёмым з дзесяці. Раманчук стала лідаркай "паўночніцаў" у колькасці хвілінаў на полі. 25 матчаў футбалістка згуляла ад званка да званка і толькі адзін раз яе замянілі цягам паядынку. Таксама на рахунку Караліны адзін забіты мяч, які, як высветлілася, стаў першым і апошнім за "Віцебск". У кастрычніку 2021-га яна даволі кур'ёзным чынам уразіла браму ўсё таго ж берасцейскага "Дынама".

У гэтым сезоне Раманчук згуляла ва ўсіх васьмі матчах "Віцебска", стабільна з'яўляючыся з першых хвілінаў. Да гэтага тура "паўночніцы" ішлі на пятым месцы. Так супала, што менавіта Караліну паказалі на клубнай афішы, анансуючы нядзельны матч супраць берасцейскага "Дынама".

Апошнія навіны