BE RU EN

Мянчанка расказала, як ашуканцы падманулі ейную сям'ю на $15 000

  • 26.05.2022, 18:44

Такіх выпадкаў шмат.

У Беларусі ў махляроў новая схема, мы ўжо пра яе пісалі: пенсіянерам тэлефануюць, кажуць, што іхнія дзеці ў небяспецы, і просяць праз кур'ера перадаць вялікую суму для іхняга выратавання. Напалоханыя бацькі, на жаль, бяруцца на хітрыкі ды аддаюць грошы незнаёмцам.

Тыдзень таму ў такую сітуацыю патрапіла і маці мянчанкі Марыны, піша zerkalo.io. Сям'я пазбавілася $15 тысяч, якія збірала на кватэру. Дзяўчына расказала, як зламыснікі пракручвалі схему. Кажа, у гэтай сітуацыі яна мае пытанні і да мабільных аператараў.

У пятніцу 20 траўня Марына (імя змененае на просьбу суразмоўцы) з 11 гадзін дня не магла датэлефанавацца сваёй маме - ні на мабільны нумар, ні ў мэсэнджэры Viber.

- Альбо было чаканне выкліку, альбо занята. Яна таксама са мной звязацца не магла. Пачула маму я толькі пасля 21 гадзіны вечара, і тое з тэлефона мужа. Ужо потым яна паскардзілася, што ёй увесь час тэлефанавалі незнаёмыя нумары - літоўскія, латвійскія. Яны тэлефанавалі на працягу дня безупынна, не ведаю, для чаго, - апавядае дзяўчына.

У гэты час ашуканцы падманвалі ейную матку і выносілі з ейнага дома грошы.

- Маме затэлефанавалі, сказалі, што я ў шпіталі. Што я патрапіла ў ДТЗ, калі пераходзіла на чырвонае святло дарогу, і цяпер ляжу ў рэанімацыі, у мяне разарваная губа, чэрапна-мазгавая траўма і пераламаныя рэбры, - кажа Марына. - Маўляў, кіроўца, які мяне збіў, таксама нібы пацярпеў. І грошы патрэбныя былі на «прымірэнне», каб на мяне не завялі крымінальную справу. Прычым, як потым высветлілася, мама нібы са мной размаўляла - голас быў адзін у адзін, як мой.

Марына кажа, аферысты тэлефанавалі ейнай маці на стацыянарны нумар. Са слоў дзяўчыны, яны мелі інфармацыю аб тым, што Марына ў Магілёве, хаця яна паехала туды толькі на дзень.

- Ведалі, што я з дзіцем - яшчэ яе супакоілі, што з ім усё добра. Ведалі, што ў кватэры ёсць грошы - не ў кожнага чалавека такая сума захоўваецца дома, - тлумачыць наша суразмоўніца. - Сказалі маім голасам, што мне нібыта трэба 15 тысяч. Мама дагэтуль стараецца са мной пра гэта не гаварыць, таму не ведаю, што менавіта тая «я» сказала: у далярах або беларускіх рублях. Але маці аддала ў далярах. Паклала ў пакунак і аддала.

Кур'ер па грошы прыйшоў праз гадзіну пасля тэлефанавання. Жанчына расказвала дачцэ, што ён быў апрануты ў яскравую зялёную куртку, склаў грошы ў заплечнік.

Пра ўсё сама Марына даведалася пад 18 вечара, калі ёй затэлефанаваў брат, спытаўся, ці ўсё ў яе ладам, і ўсё расказаў.

- Я адразу затэлефанавала ў міліцыю з Магілёва. Хаця ў нас у пад'ездзе і ў ліфтах ёсць відэакамеры, ніхто не быў знойдзены. Як мне сказалі ў Фрунзенскім РУУС, у гэты дзень было некалькі падобных выпадкаў, адзін - на суседняй станцыі метро, - кажа дзяўчына.

Са слоў мянчанкі, ашуканцы пасля інцыдэнту зноў тэлефанавалі ейнай маме ад яе імя - 24 траўня, паводле той жа схемы. Тая паклала слухаўку. Жанчыне - 66 гадоў, ейная дачка больш за ўсё бядуе, што гэтая сітуацыя моцна яе ўзрушыла.

- У мамы была гістэрыка, натуральна, ціск узняўся да 170. Але яна больш расхвалявалася не дзеля грошай, а праз тое, што са мной нешта магло здарыцца, - дадае Марына. – Ясная рэч, што яна сябе ўшчувае дагэтуль, але яна не хоча пра гэта гаварыць. Для яе больш важна, што са мной усё добра. А грошы… ясная рэч, гэта вялікая сума. Мама ў мяне на пенсіі, тата таксама не вельмі шмат зарабляе, збіралі на кватэру.

Аб тым, адкуль у махляроў была інфармацыя аб ейнай выправе ў іншае места і аб тым, што дома ў сям'і захоўваюцца грошы, дзяўчына не ведае.

- Шмат хто з блізкіх людзей ведаў, што ёсць грошы на куплю кватэры. Пра тое, што яны ляжаць дома, - сёй-той ведаў, але гэта вельмі вузкае кола, я нават не буду думаць на іх. Напярэдадні мы з мамай размаўлялі, я казала, што паеду з мужам і сынам у Магілёў у гэты дзень. Можа, праслухоўваўся тэлефон. У кампаніі А1 не змаглі мне растлумачыць, чаму я не магла звязацца з мамай. Сказалі, што я была недаступная. Але гэта адназначна не так. Я размаўляла з іншымі людзьмі ў той дзень, як і маці. Я яшчэ даведаюся ў МТС, чаму адбылося блакаванне майго нумара, калі мама мне тэлефанавала. У яе гэты мабільны аператар.

Марына спадзяецца, што грошы знойдуць і вернуць сям'і. Хаця спадзявання ўсё менш.

- Я ведаю, што гатоўкай такую суму перавесці вельмі цяжка. Але калі за дзень-два хлопцаў не знайшлі, думаю, ужо і не знойдуць. Абяцалі, натуральна, але я ў гэта не веру, - кажа яна. - Сумна, што паказваюць навіны, як міліцыя знайшла ровар, што гэта файна. А тое, што пенсіянераў падманваюць такім чынам… Дзякуй Богу, яна проста аддала грошы. А каб нешта здарылася са здароўем. Я проста хачу, каб людзі прачыталі маю гісторыю і данеслі да бацькоў, што гэта падман, каб яны перасталі на іх брацца. Нельга так браць і верыць. І да мабільных аператараў у мяне таксама пытанне, што адбывалася з нашымі нумарамі. Пакуль ад іх уцямнага адказу не дабіцца.

Мы запыталі каментары ў прэсавай службаў мабільных аператараў А1 і МТС аб тым, наколькі абароненыя іхнія абаненты ад вонкавага ўздзеяння, ці праводзіцца правяранне з гэтай нагоды. Апублікуем іх, як толькі (і калі) атрымаем.

Апошнія навіны