BE RU EN

Улады нечакана наважылі ўзяцца за рамонт стратэгічнай дарогі ля ўкраінскай мяжы

  • 26.05.2022, 11:01

Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну яна выкарыстоўвалася для стварэння вайсковай інфраструктуры.

На сайце дзяржзакупак выявіўся тэндэр, паводле якога плануецца адрамантаваць 30-кіламетровую дарогу, размешчаную на закрытай тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну яна выкарыстоўвалася для стварэння вайсковай інфраструктуры, піша гомельскае выданне «Флагшток».

Двухпалосная асфальтавая дарога, якую будуць рамантаваць, ідзе ад вёскі Бабчын каля ўезду ў зону адчужэння да адселенай вёскі Краснаселле каля ракі Прыпяць, за 8 кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Рамонт пакрыцця патрабуецца выканаць на пляцы 4115 квадратных метраў, ён пацягне арыентыровачна на 118 843 рублёў, сродкі возьмуць з рэспубліканскага бюджэту. Завяршыць рамонтныя работы неабходна ў сціслыя тэрміны - да 1 ліпеня 2022 года дарога павінна быць гатова. Заказчык работ - Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў беларускай частцы Чарнобыльскай зоны размяшчаўся шэраг вайсковых аб'ектаў РФ. У вёсцы Рудакоў, за 4 кіламетры ад Бабчына, быў створаны вайсковы лагер. На Прыпяці за 3,5 кіламетры ад Краснаселля расейскія вайскоўцы ўзвялі пантонную пераправу, на другім беразе ў тым жа раёне падчас расейскага наступу канцэнтравалася вайсковая тэхніка.

Апошнія навіны