BE RU EN

Беларусаў сталі арганізавана вазіць па шэнген у гішпанскі візавы цэнтр у Маскве

  • 25.05.2022, 11:40

Як правіла, віза робіцца за пяць працоўных дзён.

Беларускія турфірмы пачалі прапаноўваць аўтобусныя паездкі ў Маскву для атрымання шэнгенскіх візаў у візавым цэнтры Гішпаніі. Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі звяз тураператараў Беларусі (РЗТА).

Гэтай вясной Польшча, Літва і Латвія прыпынілі выдачу такіх візаў. Гішпанскі візавы цэнтр у Менску спачатку прыпыніў прыняцце дакументаў, а потым увогуле зачыніўся. Пасля гэтага беларусы сутыкнуліся з цяжкасцямі пры адкрыцці турыстычнага шэнгену – запісацца ў візавыя цэнтры Італіі і Вугоршчыны даволі складана.

У адказ на попыт з'явіўся новы від арганізаваных паездак – турфірмы прапануюць звазіць у візавы цэнтр Гішпаніі ў Маскве.

Падаваць дакументы на візу і забіраць іх у расейскай сталіцы неабходна асабіста. Таму ехаць туды давядзецца два разы. Як правіла, віза робіцца за пяць працоўных дзён.

"Узамен пашпарта візавы цэнтр выдае дакумент пра знаходжанне пашпарта ў амбасадзе, з якім, як кажуць у турфірмах, можна перасячы мяжу", – паведамілі ў РЗТА і дапоўнілі, што доказаў візітаў у Гішпанію за апошнія 3–5 гадоў там не патрабуюць.

Кошт "шоптуру па візу" не паведамляецца.

Акрамя таго, турыстычныя шэнгенскія візы выдаюць у Беларусі візавы цэнтр Грэцыі і консульскі аддзел Францыі, удакладняюць у РЗТА.

Апошнія навіны