Генерал выведкі спрагназаваў, калі і як могуць прыбраць Пуціна
- 25.05.2022, 10:30
Можа быць арганізаваны тэракт.
Прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна могуць нейтралізаваць, калі ён аслабне і будзе відавочная параза ў вайне ва Украіне.
Для нейтралізацыі лідара РФ можа быць арганізаваны тэракт, расказаў генерал, былы кіраўнік Службы знешняй выведкі (СЗВ) Украіны Мікалай Маламуж у эфіры аднаго з YouTube-каналаў.
"Ці ёсць перадумовы такога замаху (на прэзідэнта Расеі – Рэд.) у перспектыве? Я думаю, што ёсць, таму што большасць з атачэння Пуціна разумее, што ён зайшоў вельмі далёка, што перспектываў не толькі для Пуціна, але і для Расеі няма, а асяроддзе будзе адказваць…" – заявіў эксперт.
Паводле ягоных словаў, кіраўніцтва Федэральнай службы бяспекі і Рады нацыянальнай бяспекі і абароны маюць дачыненне да вайны ва Украіне, фактычна ўчыняюць ваенныя злачынствы і будуць несці адказнасць нароўні з расейскім лідарам.
"...Зразумела, што гэтыя людзі могуць ствараць пагрозу", – дадаў Маламуж.
Экс-кіраўнік СЗВ, дадаў, што тэракт для нейтралізацыі прэзідэнта можа здзейсніць група асобаў.
"Гэта перадумовы, калі нейкі можа быць здзейснены тэракт групай асобаў – калі будзе відавочная параза, калі Пуцін аслабне, тады адпаведна будуць шукаць рэальныя шляхі выхаду з сітуацыі і нейкім спосабам апраўдаць сябе – напрыклад, спосабам нейтралізацыі Пуціна. І гэта можа быць рэальны тэракт", – папярэдзіў ён.
Раней РасСМІ, спасылаючыся на звесткі блізкіх да Крамля крыніцаў, пісалі, што сярод расейскіх элітаў вельмі шмат незадаволеных асабіста Уладзімірам Пуціным праз вайну з Украінай.
Журналісты высветлілі, што ў РФ прэзідэнтам незадаволеныя і тыя, хто за вайну, і прыхільнікі міру.
Да гэтага былы дэпутат расейскай Дзярждумы Ілля Панамароў казаў, што калі ў Расеі замест Пуціна да ўлады прыйдзе ягоны канстытуцыйны пераемнік – прэм'ер Міхаіл Мішусцін, то ён распачне спробы спыніць баявыя дзеянні ва ўкраінскай дзяржаве.