BE RU EN

Дэсантнікі львоўскай «васьмідзясяткі» расказалі пра баявыя дасягненні за тры месяцы вайны

  • 24.05.2022, 21:40

Знішчаныя пяць варожых батальёнаў і 400 машынаў.

Вайскоўцы 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, якая дыслакуецца ў Львове, за тры месяцы вайны знішчылі больш за 400 адзінак варожай ваеннай тэхнікі і ўзбраення і пяць батальённых тактычных групаў расейцаў.

Пра гэта расказала падчас брыфінгу ў аўторак, 24 траўня, старэйшая афіцэрка аддзялення маральна-псіхалагічнага забеспячэння 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, маёр Сняжана Сцяцэнка.

Сярод іншага, львоўскія дэсантнікі абясшкодзілі 47 танкаў, 136 баявых браняваных машынаў, 27 артылерыйскіх сістэмаў, 11 рэактыўных сістэмаў залпавага агню, 24 сродкі СПА, 1 самалёт, 4 гелікоптары, 178 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, 9 беспілотнікаў і 5 крылатых ракетаў.

Паводле ейных словаў, вайна застала львоўскіх дэсантнікаў на поўдні Украіны, дзе яны праходзілі баявую падрыхтоўку.

«Гэта было не на руку нашаму ворагу, таму што мы рыхтаваліся да мерапрыемства ў той час, раён правядзення Аперацыі Аб'яднаных Сілаў. Таму мы змаглі імгненна заняць пазіцыі і прыняць бой. А бой на поўдні Украіны ў першыя тыдні быў пякельны. У той час, калі хлопцы трымалі абарону там, тут, у Львове, мы мелі наплыў нашых субратоў, нашых рэзервістаў, добраахвотнікаў з усіх куткоў Украіны. А таксама валанцёраў, якія везлі ўсё патрэбнае ў частку», – расказала Сняжана Сцяцэнка.

Спачатку брыгада выконвала заданне ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласцях. Падчас контрнаступу львоўскія дэсантнікі вызвалілі многія населеныя пункты. Выведнікі выклікалі агонь на сябе, знішчаючы базы захоўвання ўзбраення ворагаў. Адно з падраздзяленняў брыгады прайшло пекла Бучы і Ірпеня.

"Мы не можам не ўспомніць багоў вайны – артылерыстаў. Яны штодня павялічваюць колькасць стратаў расейцаў. Дзякуючы дзвюм трафейным артылерыйскім адзінкам пакладзены пачатак поўнага разгрому расейскіх войскаў пры спробе фарсіравання ракі Северскі Данец", – нагадала афіцэрка.

Больш за 300 службоўцаў 80-кі ўганараваныя ордэнамі “За мужнасць”. Больш за 100 атрымалі адзнакі Міністэрства абароны і Генштаба. Трое вайскоўцаў адзначаныя званнем Героя Украіны.

«На жаль, двое з іх пасмяротна. Без стратаў вайны не бывае. Дзякуючы Героям, якія самааддана і гераічна паклалі сваё жыццё, падраздзяленні прадаўжаюць няроўную барацьбу. Прыйдзе час – мы раскажам пра кожнага», – сказала Сняжана Сцяцэнка.

Апошнія навіны